Фармаваньне новай адміністрацыі ЗША ды імёны галоўных памочнікаў і дарадцаў
прэзыдэнта Джорджа Буша застаюцца ў цэнтры ўвагі міжнароднага друку. Справа
ў тым, што асобы на галоўных пасадах у адміністрацыі у многім зьяўляюцца
паказчыкам таго, якая будзе палітыка Злучаных Штатаў ў бліжэйшыя чатыр
гады. Газэта International Herald Tribune зьмясьціла артыкул пад загалоўкам
“Усе зоркі Буша”…
На думку рэспубліканцаў, Джордж Буш стварыў найлепшую з магчымых каманду
ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. Гэта віцэ-прэзыдэнт Дык Чэйні, дзяржсакратар
Колін Паўэл, міністар абароны Дональд Румсфэльд і дараднік ў пытаньнях
нацыянальнай бясьпекі Кандалеза Райс. Аднак, як нядаўна сказаў Бушу трэнэр
баскетбольнай каманды Los Angeles Lakers Філ Джэксан, нават найбольш яркія
зоркі ў камандзе, яшчэ не гарантуюць ейнага суладзьдзя і посьпеху. Наадварот.
Найбольш аўтарытэтныя дарадчыкі неаднойчы пачынаюць змаганьне за ўплывы
паміж сабою, уключна з імкненьнем заняць прэзыдэнцкае крэсла. Бяручы сабе
ў памочнікі аўтарытэтных і кампэтэнтных палітыкаў, Буш можа мець дачыненьне
з разнагалосьсямі большымі, чым ён спадзяецца. У часы кіраваньня прэзыдэнта
Картэра, спаборнічалі паміж сабой дзяржсакратар Сайрус Вэнс і дарадца ў
пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Зьбігнев Бжэзінскі, а пры Рэйгане – дзяржсакратар
Джордж Шульц і міністар абароны Каспэр Вайнбэргер. Адсюль і была непасьлядоўнаю
палітыка ЗША ў пытаньнях Савецкага Саюзу, Блізкага Ўсходу і Цэнтральнай
Амэрыкі.
Згаданы квартэт Буша даволі незвычайны, – піша газэта International
Herald Tribune. Былы міністар абароны Чэйні мае шанец стаць неафіцыйным
прэм’ерам ў адміністрацыі Буша. Паўэл і Румсфэль, аўтарытэтныя палітыкі,
набліжаныя да віцэ-прэзыдэнта. Наймалодшая з гэтай чацьвёркі Кандалеза
Райс зьяўляецца настаўнікам Буша ў пытаньнях замежнай палітыкі, і ейныя
ўплывы таксама могуць быць значныя.
Паводле газэты International Herald Tribune, такое супадзеньне высокіх
прафэсійных і чалавечых якасьцяў можа ў выніку стварыць надзвычай гарманічную
каманду. Вельмі праўдападобны паўтор сытуацыі з гадоў кіраваньня бацькі
цяперашняга прэзыдэнта. У часе вайны ў Персыдзкай затоцы, Чэйні-міністар
абароны і Паўэл-начальнік аб’яднаных штабоў узброеных сілаў паказалі, што
з карысьцю для справы ўмеюць згодна і эфэктыўна працаваць. Зараз абодва
яны ў прынцыпе згодныя ў пытаньні неабходнасьці стварэньня сыстэмы супрацьракетнай
абароны, хаця Паўэл больш за цяперашняга міністра аброны Румсфэльда схільны
ўлічваць засьцярогі з боку эўрапейскіх саюзьнікаў, а таксама Расеі і Кітаю.
З другога боку, Колін Паўэл – прафесійны вайсковец і камандзір, менш схільны
пасылаць жаўнераў ў гарачыя кропкі, чым прэзыдэнцкі дарадца Кандалеза Райс.
Хто ведае, як яны паступілі б, калі б ім прыйшлося гэтак як адміністрацыі
Клінтана, прадпрыймаць ваенную апэрацыю на Балканах.
Колін Паўэл – несумнена дасьведчаны палітык і ваенны стратэг, – піша
International Herald Tribune. Аднак нават разам з Чэйні і Райс ў Белым
Доме і Румсфэльдам у Пэнтагоне, яны ня ў стане здамінаваць палітыку Вашынгтону.
Поўную ўладу і вырашальныя аргумэнты належаць толькі прэзыдэнту, і гэта
Джордж Буш акрэсьліць амэрыканскую палітыку на бліжэйшыя 4 гады. Гэтак
як Кэнэдзі ў часе кубінскага крызысу, незважаючы на супярэчныя парады сваіх
памочнікаў і дарадцаў, ён сам мусіць прыняць рашэньне, абапіраючыся на
здаровы сэнс і сваю інтуіцыю.
Вось таму, – піша газэта International Herald Tribune, – і Джордж Буш
можа пераканацца, што амэрыканская прэзыдэнтура – гэта вельмі самотны і
пакутлівы занятак.
Кастусь Бандарук, Прага
Самае папулярнае
1