Як распавяла сёньня кіраўніца прэсавай службы Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных справаў Менскага гарвыканкаму Натальля Лапо, міліцыя выявіла, што крыж быў сьпілаваны ў ноч з 14 на 15 студзеня.
17 студзеня пра гэта было паведамлена ў Ленінскі РАУС Менску, і ў той жа дзень ягоныя супрацоўнікі выехалі на месца здарэньня ды правялі першапачатковы збор матэрыялаў.
Як паведаміла Натальля Лапо, цяпер ідуць кансультацыі з пракуратурай гораду пра тое, паводле якога артыкулу неабходна ўзбудзіць крымінальную справу.
Тым часам, яшчэ ўчора ўвечары мэмарыяльны крыж у Лошыцы быў адноўлены — яго ўзьнялі й паправілі будаўнікі-дарожнікі, што вядуць побач работы. Рабочыя былі абураныя злачынствам невядомага экстрэміста ды вырашылі самастойна ўзьняць крыж, не чакаючы распараджэньняў уладаў.
Валер Каліноўскі, Менск