Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня ў Пінску пасьля амаль трохгадзінных перамоваў прадстаўнікі прадпрымальніцкага прафсаюзу і адміністрацыі пінскага “Райспажыўтаварыства”, якому належыць Цэнтральны кірмаш, дасягнулі кампрамісу…

Была вырашаная галоўная праблема, з прычыны якой працягваўся страйк: прададзеныя напярэдадні працоўныя месцы страйкоўцаў вернутыя былым уладальнікам.

Яшчэ 9 студзеня пінскія прадпрымальнікі вырашылі спыніць страйк і ад 16-га студзеня выйсьці на працу. Аднак ужо на наступны дзень стала вядома, што, пакуль прадпрымальнікі страйкавалі, адміністрацыя Цэнтральнага кірмашу прадала некалькі гандлёвых месцаў, на якіх працавалі ўдзельнікі страйку. ады было вырашана працягнуць страйк і прыйсьці на кірмаш без тавару, пакуль месцы ня будуць вернутыя былым уладальнікам.

Сёньня раніцай адбыліся перамовы прадстаўнікоў прадпрымальніцкіх прафсаюзаў і адміністрацыяй раённага спажывецкага таварыства, якому належыць Цэнтральны кірмаш. Адразу пасьля завяршэньня перамоваў кіраўнік справаў арганізацыі прафсаюзаў прадпрымальінкаў Пінску Сяргей Касьцюковіч паведаміў Радыё Свабода, што вынікам нарады стала перамога гандляроў. Прададзеныя месцы вернутыя былым уладальнікам.

Паводле спадара Касьцюковіча, гэтая перамога паказала адзінства прадпрымальнікаў і здольнасьць яшчэ зусім маладой прафсаюзнай арганізацыі пасьпяхова змагацца за правы сваіх сяброў.

Прадстаўнік іншага боку, начальнік юрыдычнага аддзелу райспажыўтаварыства Міхаіл Кахновіч лічыць, што, прадаўшы гандлёвыя месцы, адміністрацыя не парушыла закону. Гаворыць Міхаіл Кахновіч:

(Кахновіч: ) “Пытаньне сёньня разглядалася вельмі сур’ёзна і канкрэтна. Але я лічу, што ўсё трэба вырашаць мірна. Калі прафсаюз лічыць, што гэта – перамога, дык я мяркую, што гэта – не перамога, бо я ўпэўнены, што ніякіх юрыдычных парушэньняў з боку адміністрацыі кірмашу не было. Перамога хіба ў тым, што, нягледзячы на гэта, мы змаглі дамовіцца і мірна знайсьці кампраміс”.

Такім чынам, ад заўтрашняга дня пінскія прадпрымальнікі пачынаюць працаваць. Галоўнае ж пытаньне – адмена мытаў на тавары вытворчасьці “трэціх” краінаў, якія ўвозяцца з Расеі, так і засталося нявырашаным.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG