Знаёмства з матэрыяламі сьледзтва працягнецца сама меней да канца верасьня. Крымінальная справа налічвае звыш 40 тамоў. Паводле яе абвінавачваюцца: перш за ўсё былы прарэктар мэдінстытуту Ўладзімер Раўкоў, які ўжо пятнаццаты месяц знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Гомелю, а таксама колішнія старшыні прадметных камісіяў: біялёгіі — Натальля Фомчанка, беларускае мовы й літаратуры — Ніна Шамочык.
Фігуруе ў справе й былы рэктар мэдінстытуту, прафэсар Юры Бандажэўскі, але, наколькі вядома, першапачатковая вэрсія сьледзтва ў адносінах яго, як арганізатара злачыннае групоўкі, развалілася.
Прафэсар знаходзіцца зараз у сябе дома, у Гомелі, і чакае выкліку ад сьледчага ў асабліва важных справах генпракуратуры Вячаслава Цераховіча, каб таксама пазнаёміцца з вынікамі расьсьледаваньня.
Сёньня Юры Бандажэўскі паведаміў вашаму карэспандэнту, што завяршыў падрыхтоўку да выданьня ўжо трэцяй за апошні год навуковае кніжкі — пра ўплыў радыецэзію на сэрца чалавека, і распачаў працу над чацвертай, у якой зьбіраецца абагуліць дасьледаваньні ўзьдзеяньня малых дозаў радыяцыі на разьвіцьцё зародышу чалавека.
На пачатак кастрычніка прафэсар Бандажэўскі атрымаў запрашэньне ў Эўрапарлямэнт — як экспэрта на абмеркаваньне праектаў гуманітарнае дапамогі, у тым ліку і Беларусі. Аднак паездка прафэсара ў Страсбург застаецца пад вялікім пытаньнем, паколькі менавіта напачатаку наступнага месяца сьледчы Вячаслаў Цераховіч плянуе накіраваць справу пра хабарніцтва на разгляд у абласны суд.
Казімер Яноўскі, Гомель