Васьмёра назіральнікаў ад Беларускага Гэльсынскага Камітэту ды іншых
дэмакратычных арганізацыяў не былі ўчора дапушчаныя на выбарчыя ўчасткі
Баранавіцкай сельскай выбарчай акругі №6, што аб’ядноўвае Баранавіцкі ды
Ляхавіцкі раёны.
Паводле старшыні Баранавіцкага аддзяленьня БГК Вячаслава Болбата, усе
ўчастковыя камісіі, дзе меліся быць назіральнікі, былі своечасова папярэджаныя
аб гэтым. Аднак, учора прадстаўнікі Гэльсынскага камітэту, зьявіўшыся на
ўчасткі, сутыкнуліся з перашкодамі. Некаторых не пусьцілі нават на парог
адразу. Іншых старшыні камісіяў, параіўшыся з мясцовай вэртыкальлю, выправоджвалі
за дзьверы ўжо ў часе галасаваньня. У некаторых выпадках ня грэбавалі нават
ужываньнем фізычнай сілы.
З такой жа зьявай сутыкнуўся і карэспандэнт газэты “Таварыш”, актывіст
мясцовай арганізацыі ПКБ Рыгор Дружынін. На выбарчым участку № 67 у вёсцы
Куршынавічы Ляхавіцкага раёну прадстаўнік мясцовай вэртыкалі нават выбіў
з рук Дружыніна карэспандэнцкае пасьведчаньне і выставіў таго за дзьверы.
У другой палове дня акругу наведала першы сакратар Кансультацыйна-назіральнай
групы АБСЭ Бэата Разуміловіч. Шматлікія парушэньні выбарчага заканадаўства
былі зафіксаваныя і ёю. Так, на ўчастку № 29 у вёсцы Моўчаць Баранавіцкага
раёну камісія нават паленавалася апячатваць скрынкі для галасаваньня.
У цэлым пацьвердзіліся тыя высновы, што былі зробленыя пасьля першага
туру: там, дзе добра арганізаванае назіраньне, яўка выбаршчыкаў значна
ніжэйшая, дый увесь вынік іншы.
Увогуле, паводле зьвестак выбарчай камісіі, у акрузе ўзялі ўдзел у выбарах
80%. У выніку Барыс Бікінін – намесьнік міністра надзвычайных сытуацыяў
– абраны дэпутатам палаты на другі тэрмін.
Алесь Горбач, Баранавічы
Самае папулярнае
1