2 лістапада Сталы камітэт парлямэнцкай асамблеі АБСЭ
ў Вене абмяркуе сытуацыю ў Беларусі ў сувязі з выбарамі ў “Палату прадстаўнікоў”.
Пра гэта стала вядома сёньня пад час паседжаньня Кансультацыйнае рады апазыцыйных
палітычных партыяў.
Галоўным дакладчыкам на паседжаньні Сталага камітэту ў сталіцы Аўстрыі
будзе кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг
Вік. Пра гэта амбасадар паведаміў сёньня, калі наведаў сустрэчу лідэраў
Кансультацыйнае рады апазыцыйных партыяў. Зараз падначаленыя спадара Віка
ўжо пачалі рыхтаваць праект справаздачы міжнароднай супольнасьці.
Можна меркаваць, што ў гэтым дакумэнце знойдуць месца думкі, выказаныя
амбасадарам у ягоным артыкуле паводле вынікаў першага туру выбараў і перададзеным
сёньня для распаўсюджаньня ў агэнцыю БелаПАН.
Так, спадар Вік сьцьвярджае: “Заклапочаны тым, каб ня страціць кантроль
над парлямэнтам, — як бы мала ўлады ў яго не было сёньня — беларускі ўрад
прапусьціў вялікую палітычную магчымасьць пашырыць палітычную базу дзяржаўных
інстытутаў і распачаць памяркоўны, але няспынны працэс рэформаў».
Як лічыць амбасадар Вік, Беларусь мела магчымасьць дамагчыся некаторае
міжнароднае падтрымкі ды ініцыяваць працэс нармалізацыі стасункаў з ключавымі
эўрапейскімі інстытутамі — такімі як, напрыклад, Эўрапейскі Зьвяз, Эўрапарлямэнт,
Рада Эўропы, дзе Беларусь мела статус адмыслова запрошанай. Аднак, зазначае
аўтар, урад прадпрыняў вялікія намаганьні, каб прывесьці людзей на выбарчыя
ўчасткі ды прадухіліць удзел у выбарах кандыдатаў, якія маюць важкую рэпутацыю
і займаюць крытычную ў дачыненьні да ўрада пазыцыю. Гэта выклікала адмоўную
рэакцыю жыхароў, і ў выніку многія выбаршчыкі не ўзялі ўдзел у галасаваньні.
На сёньняшняй сустрэчы спадар Вік нагадаў, што заявы афіцыйных ворганаў
пра вынікі парлямэнцкіх выбараў у 110 акругах успрымаюцца са скептыцызмам
шэрагам міжнародных інстытутаў і ўрадаў. Вялікая колькасьць справаздачаў
паступіла ў КНГ АБСЭ ды іншыя арганізацыі, дзе ўказаныя парушэньні ў працэсе
датэрміновага галасаваньня, гаворыцца пра злоўжываньні перасоўнымі скрынямі
для галасаваньня. Аднак найбольш распаўсюджаны мэтад карэктаваньня вынікаў
выбараў, як зазначае кіраўнік КНГ АБСЭ, заключаецца ў зьмяненьні колькасьці
зарэгістраваных выбаршчыкаў.
Лідэры партыяў, сярод якіх сёньня пасьля працяглага перапынку зьявіўся
Мікола Статкевіч, абмяняліся думкамі наконт выбараў.
Уладзімер Глод, Менск
Самае папулярнае
1