Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 21 кастрычніка)
У лясным урочышчы Курапаты пад Менскам распачатае стварэньне мэмарыяльнага комплексу “Лес крыжоў”.

Зь ініцыятывы грамадзкага аб’яднаньня “Мартыралёг Беларусі” сёньня ў Курапаты прыйшлі людзі, каб пачаць доўгатэрміновую акцыю ў стварэньні тут мэмарыялу. Гэта абяцаў зрабіць урад, і ягоную адмысловую пастанову ад 18 студзеня 1989 году ніхто не адмяняў, але, бачна, так ніхто й не зьбіраецца выконваць. Таму грамадзкасьць вырашыла зрабіць у мейсцы масавае загубы людзей народны мэмарыял, паставіўшы пры кожнай магіле крыж. Магілаў у Курапатах больш за пяць соцень. Таму й паўстане тут “Лес крыжоў”. А першыя пяць усталяваныя сёньня рукамі актывістаў “Мартыралёгу Беларусі” ды іхных прыхільнікаў.

Вось працуе купка студэнтаў. Чаму яны прыйшлі сёньня ў Курапаты?

(Студэнт: ) “Я зьбіраюся ад’ехаць на наступным тыдні, таму хачу дапамагчы зараз. Гэта цікава, гэта дапамагае разабрацца ў сваёй гісторыі”.

(Студэнтка: ) “Я хачу дакрануцца да нашай гісторыі – гэта перш за ўсё, а па-другое, я праваслаўная, а гэты могільнік павінен быць падрыхтаваны да Дзядоў”.

(Студэнт: ) “Я прыйшоў сюды выканаць свой грамадзянскі абавязак. Перш за ўсё. Няма вялікай розьніцы, хто тут пахаваны – праваслаўныя, вуніяты ці католікі – мы павінны зрабіць так, каб гэта ніколі не паўтарылася”.

Гэта былі студэнты-першакурсьнікі аднаго зь менскіх унівэрсытэтаў.

А вось сталы чалавек. Яго сюды прывёў ня толькі грамадзянскі покліч, але і асабісты боль. У Курапатах ва Ўладзімера Кішкурны ляжыць забіты энкавэдыстамі ягоны дзядзька — Кастусь Кішкурна…

(Кішкурна: ) “Ён у Маладэчне жыў, ну і паверыў гэтай хлусьні бальшавіцкай. У пачатку 1935 году сюды пераехаў. Быў у Грамадзе сацыял-дэмакратычнай. А пасьля яго забралі, растралялі…”

Уладзімер Кішкурна паведаміў нам, што ачольваемая ім рада партыі БНФ “Адраджэньне” Цэнтральнага раёну Менску на наступным тыдні ўстановіць у Курапатах восем крыжоў.

А вось як бачыцца гэтая акцыя аднаму зь ейных ініцыятараў археолягу Міколу Крывальцэвічу.

(Крывальцэвіч: ) “Я спадзяюся, што з году ў год колькасьць крыжоў на магілах тут будзе расьці, і лес крыжоў, які задумваўся ў Курапатах, ён павінен тут паўстаць. Крыжамі будзе азначаная ўся гэтая гара, увесь гэты мэмарыял. Такім чынам ён зробіцца месцам сапраўднага мэмарыялу, а не парослага костоўем лесу. З цягам часу, я думаю, у гэтыя шэрагі крыжоў упішуцца нейкія іншыя мэмарыяльныя знакі. Устаноўка крыжоў будзе спрыяць актывізацыі ўвагі да Курапатаў”.

Сказаў Мікола Крывальцэвіч. Ён таксама абвесьціў, што наступная народная талака ў мэмарыялізацыі Курапатаў адбудзецца 28 кастрычніка. Прыходзіць трэба з рыштункам для адпаведнае працы.

Валянціна Аксак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG