Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Толькі цяпер у газэце “Звязда” апублікаваны закон пра зьмену тых артыкулаў Крымінальнага ды Адміністрацыйнага кодэксаў, што вызначаюць пакараньне за парушэньне выбарчага заканадаўства. Адметна тое, што закон быў ухвалены абедзьвюма палатамі “Нацыянальнага сходу” яшчэ ў чэрвені, але Аляксандар Лукашэнка падпісаў яго толькі 9 кастрычніка. Да таго ж, закон набудзе чыннасьць праз месяц, гэта значыць, ужо пасьля другога туру выбараў…

У часе назіраньня за перадвыбарчай кампаніяй асаблівую занепакоенасьць місіі тэхнічнай ацэнкі Бюро дэмакратычных інстытутаў ды правоў чалавека АБСЭ выклікаў трэці пункт артыкулу 167 Кодэксу ў адміністрацыйных правапарушэньнях, што прадугледжваў адказнасьць за заклікі да байкоту выбараў. Місія адзначыла, што гэтая норма супярэчыла новаму Выбарчаму кодэксу цягам усяе кампаніі, і такім чынам улады ня выканалі абяцаньне захоўваць “пэрыяд міру”.

Цікава, што гэтак званая “Палата прадстаўнікоў” ухваліла зьмены ў заканадаўстве яшчэ 22 чэрвеня, а “Савет Рэспублікі” пацьвердзіў гэта 30 чэрвеня. Лукашэнка ж падпісаў закон толькі 9 кастрычніка, за дзень да пачатку датэрміновага галасаваньня.

Чаму Аляксандар Лукашэнка так доўга разважаў над законам? —спытаў я вядомага беларускага юрыста Гары Паганяйлу…

(Паганяйла: ) “Тут былі хітрыкі такія. Відаць таму, што хацелася прымяняць адміністрацыйныя санкцыі, хаця ўлада разумела, што гэта незаконна. Ну але пакуль нехта разьбярэцца, пакуль будуць абскарджаныя рашэньні аб прыцйягненьні асобаў да адміністрацыйнай адказнасьці… Страху яны навядуць, некага адпудзяць”.

Сказаў Гары Паганяйла, намесьнік старшыні Беларускага Гэльсынскага камітэту.

З таго, што “Звязда” надрукавала гэты акт толькі сёньня, Крымінальны ды Адміністрацыйны кодэксы юрыдычна будуць зьмененыя зь 18 лістапада.

Гэта значыць, што тэарэтычна караць заклікі да байкоту можна й цяпер, перад другім турам галасаваньня.

А зь лістапада супярэчлівы трэці пункт 167-га артыкулу Кодэксу ў адміністрацыйных правапарушэньнях будзе пачынацца гэткімі словамі: “Правядзеньне агітацыі ў дзень выбараў, рэфэрэндуму…” За гэтыя ды іншыя парушэньні можна атрымаць штраф памерам да дзесяці мінімальных заробкаў або папраўчыя работы на тэрмін да двух месяцаў з утрыманьнем дваццаці адсоткаў заробку.

Вось як пракамэнтаваў сытуацыю спадар Паганяйла:

“Гэтае запозьненае зьмяненьне артыкулу 167-га са значком 3 нашага Кодэксу ў адміністрацыйных правапарушэньнях зьвязанае з тым, што менавіта таму крытыкавался пазыцыя ўладаў, якія шырока ўжывалі гэты артыкул ў дачыненьні да грамадзянаў, што байкатавалі выбары або агітавалі за байкот. Хоць гэты артыкул у сутнасьці ня мусіў быў скарыстоўвацца з моманту ўступленьня ў сілу Канстытуцыі 1994 году”, — заявіў юрыст Гары Паганяйла.

Таксама цікава, што 130-ты артыкул іншага, Крымінальнага кодэксу зь 9 лістапада за перашкоды свабоднаму ажыцьцяўленьню грамадзянінам Рэспублікі Беларусь права ўдзельнічаць або ня ўдзельнічаць у выбарах, рэфэрэндуме, калі такая перашкода ўчыненая з карыстаньнем гвалту, пагрозы, падману, подкупу або іншым спосабам, прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін да трох гадоў або папраўчымі работамі да двух гадоў ці штрафам.

Наступны, 131-ты артыкул Крымінальнага кодэксу будзе караць падлог дакумэнтаў у правядзеньні выбараў, рэфэрэндуме або адкліканьні дэпутата, а таксама парушэньне таямніцы галасаваньня, заведама няслушны падлік галасоў або іншае скажэньне вынікаў галасаваньня — пазбаўленьнем волі да 5 гадоў або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленьнем права займацца пэўнай дзейнасьцю, або штрафам.

Юры Сьвірко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG