У штаб-кватэры кандыдата ў дэпутаты “Палаты прадстаўнікоў” Міколы
Статкевіча былі вельмі зьдзіўленыя, калі да іх прыйшлі агітаваць за кандыдата
ад улады вучні суседняе школы…
Справа ў тым, што перадвыбарчы штаб Міколы Статкевіча месьціцца ў звычайнай
кватэры на тэрыторыі выбарчай акругі. Пра тое, што дзеці з суседняе 121
школы пачалі агітаваць за намесьніка старшыні адміністрацыі Першамайскага
раёну Людмілу Бур’як, прадстаўнікі перадвыбарчага штабу даведаліся выпадкова.
Да іх у кватэру прыйшоў вучань 6 клясы гэтае школы, які пачаў пытацца,
ці пойдуць яны на выбары. На наступны дзень прыйшлі вучні 9-е клясы з улёткамі
Людмілы Бур’як.
Мікола Статкевіч распавядае пра сытуацыю так:
(Статкевіч: ) “Таму што не хапае ўжо ні ўрачоў, ні настаўнікаў, дык
яны пачалі здымаць цэлымі клясамі дзяцей з заняткаў і на чале з настаўнікамі
пускаць па кватэрах. Нават учора да нас у офіс прыйшоў вучань 6 клясы 121
школы на чале са сваёй настаўніцай, якая выкладае прадмет “Вселенная”.
А сёньня ўжо 9 клясы зьнялі – яны разносяць улёткі. Нават у падрыхтоўчыя
клясы дзеткам даюць улёткі, каб яны ў сваім пад’езьдзе кінулі”. Мы рабілі
фатаздымкі тых дзяцей: як яны ідуць з заняткаў з гэтымі улёткамі. Кранальнае
відовішча.”
Гэта быў Мікола Статкевіч.
Паводле інфармацыі спадара Статкевіча, у перадвыбарчай агітацыі занятыя
вучні 121-е й 163-е школаў. Праўда, дырэктар 121-е школы Марыя Кіндырэнка
гэтую інфармацыю абвяргае. На пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці хадзілі
яе вучні па кватэрах з улёткамі, спадарыня Кіндырэнка адказала:
(Кіндырэнка: ) “Не, паводле той інфармацыі, якой валодаю я.”
Гэта была дырэктарка 121-е школы Марыя Кіндырэнка.
Многія жыхары раёну пацьвярждаюць, што да іх прыходзілі агітаваць вучні.
А фотаздымкі дзяцей з улёткамі Мікола Статкевіч ужо перадаў у недзяржаўныя
газэты.
Ганна Навумовіч, Менск
Самае папулярнае
1