Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Менску адбылося першае судовае паседжаньне, на якім разглядаліся справы тых, хто заклікаў да байкоту выбараў 15 кастрычніка ў часе нядзельнага “Маршу Свабоды”. Працэс супраць дэпутата Вярхоўнага Савету Людмілы Гразновай быў адкладзены.

Спадарыня Гразнова сталася першаю, хто паўстаў перад судом пасьля публічных заклікаў да байкоту выбараў на мітынгу 1 кастрычніка. Яна вырашыла не хавацца ад міліцыі ды пагадзілася атрымаць позву ў суд. Яшчэ двух удзельнікаў мітынгу пасьля “Маршу Свабоды” — Станіслава Шушкевіча ды Вінцука Вячорку — дагэтуль шукае менская міліцыя.

Распавядае Людміла Гразнова:

(Гразнова: ) “Усім нам інкрымінуецца тое, што мы выступалі на мітынгу з заклікам байкатаваць выбары. Наконт арганізацыі ніякіх пытаньняў няма. А вось тое, што мы ў сваіх прамовах гаварылі людзям, што ня трэба галасаваць, трэба ігнараваць гэты выбарчы фарс, і гэта мы абгрунтоўвалі – вось гэтага нам рабіць не дазволена”.

Гэта была спадарыня Гразнова. Паводле ейных словаў, першае судовае паседжаньне, што вяла Іна Шайко, ня скончылася вэрдыктам. Судзьдзя вырашыла адкласьці слуханьне справы. Людміла Гразнова распавяла падрабязнасьці:

(Гразнова: ) “Мой адвакат Цыркун Сяргей заявіў тры хадайніцтвы. Адно на заяву на Марш Свабоды, дзе сказана, што мы супраць выбарчага фарсу, і з намі згадзіліся ўлады – як гэта разглядаць? Далей, хадайніцтва ў Цэнтарвыбаркам, каб яны прыслалі свайго прадстаўніка патлумачыць усю нашую юрыдычную калізію. І трэцяе хадайніцтва ў Менскі гарадзкі савет, каб яны патлумачылі сытуацыю, чаму паўнамоцтвы мясцовых органаў улады яны аддаюць міліцыі пры затрыманьні людзей, якія працуюць у выбарчай кампаніі”.

Гаварыла дэпутатка Вярхоўнага Савету Людміла Гразнова. Яна мяркуе, што працэс супраць яе зацягнецца надоўга і можа скончыцца нават пасьля выбараў.

Юры Сьвірко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG