“Размоваў пра магчымасьць наданьня Мілошавічу прытулку
ў Беларусі не вялося, не вядзецца і ня будзе весьціся”, — гэтак катэгарычна
заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі Мікола Чаргінец, старшыня міжнароднае
камісіі “Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу”.
Афіцыйны Менск па-ранейшаму працягвае вельмі асьцярожна камэнтаваць
сытуацыю ў Югаславіі. Хаця сымпатыі беларускага кіраўніцтва да Слабадана
Мілошавіча відавочныя, пасьля першага тура югаслаўскіх выбараў ніхто з
высокіх службовых асобаў Беларусі ня выказаў сваёй падтрымкі кандыдату
ў прэзыдэнты Мілошавічу…
Гэткую ж абачлівасьць выявіў сёньня на сваёй прэсавай канфэрэнцыі Мікола
Чаргінец, старшыня камісіі міжнародных справаў і нацыянальнае бясьпекі
“Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу”. Чаргінец быў назіральнікам у Югаславіі
пад час першага туру выбараў, і каля гадзіны распавядаў журналістам пра
тое, што выбары прайшлі цалкам вольна й дэмакратычна.
Адказваючы на пытаньне пра стаўленьне Беларусі да цяперашняе югаслаўскае
сытуацыі, Чаргінец падкрэсьліў, што пазыцыя можа быць толькі адна — дачакацца
афіцыйных дадзеных вынікаў выбараў. Беларусь ня ўмешваецца ў югаслаўскія
ўнутраныя справы й не паўтарае, на думку Чаргінца, памылак некаторых заходніх
палітыкаў, якія ўжо аб’явілі пераможцам Ваіслава Каштуніцу.
Адказваючы на пытаньне вашага карэспандэнта пра ідэю віцэ-сьпікера расейскае
Думы Барыса Нямцова прадаставіць Слабадану Мілошавічу палітычны прытулак
у Менску, Мікола Чаргінец відавочна ажывіўся. Ён прыпомніў Нямцову знакамітую
гісторыю зь белымі штанамі, заявіўшы, што пасьля “белых штаноў” той можа
сказаць любую чорную думку. Чаргінец таксама заявіў, што раскідвацца такімі
словамі — ўсё роўна што пляваць у калодзеж…
На маю ж настойлівую просьбу адказаць па сутнасьці, Чаргінец цьвёрда
заявіў, што “размоваў пра магчымасьць наданьня Мілошавічу прытулку ў Беларусі
не вялося, не вядзецца й ня будзе весьціся”.
Сёньня ж сваю прэсавую канфэрэнцыю правёў новы надзвычайны й паўнамоцны
пасол Югаславіі ў Беларусі Міларад Радзевіч. Уступнае слова амбасадара
доўжылася амаль гадзіну. У адрозьненьне ад амбасадараў іншых краінаў, якія
звычайна ніколі не выказваюць сваіх ацэнак з нагоды ўнутрыпалітычнае сытуацыі
ў сваіх краінах, спадар Радзевіч дазволіў сабе крытычныя заўвагі на адрэсу
апошніх акцыяў югаслаўскай апазыцыі.
“Цярпеньне не бясконцае — можна стаміцца ад таго, што не даюць нармальна
працаваць, дабірацца на працу, ствараюць перашкоды ў звычайным побытавым
жыцьці. Мне незразумела, чаму пры перавазе ў 10 адсоткаў Каштуніца ня йдзе
ў другі тур выбараў, каб стаць законным прэзыдэнтам?”, — гаварыў амбасадар
Югаславіі ў Беларусі Міраслаў Радзевіч, які толькі ўчора ўручыў даверчыя
граматы Аляксандру Лукашэнку.
Цяжка сказаць, наколькі ўтульна і ўпэўнена будзе адчуваць сябе спадар
пасол пасьля вельмі магчымае перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах апазыцыйнага
кандыдата…
Віталь Цыганкоў, Менск
Самае папулярнае
1