Урад і парлямэнт Нямеччыны пакуль ня маюць намеру дасылаць
на беларускія выбары 15 кастрычніка сваіх афіцыйных назіральнікаў. Пра
гэта паведаміў сёньня амбасадар Нямеччыны ў Беларусі спадар Хорст Вінкэльман.
Разам з тым дыплямат не выключае, што некаторыя нямецкія грамадзяне могуць
прыехаць на выбары ў Беларусь прыватным чынам.
Амбасада Нямеччыны арганізавала сёньня прэсавую канфэрэнцыю з нагоды
10-х угодкаў аб’яднаньня сваёй краіны. Аднак, журналістаў цікавіла ня толькі
тэма нямецкага адзінства. Вось што адказаў Хорст Вінкэльман на пытаньні
нашага радыё: “Ці выконваюць беларускія ўлады свае абяцаньні, дадзеныя
прадстаўнікам эўрапейскіх структураў не перашкаджаць апазыцыі праводзіць
кампанію байкоту выбараў?”, а таксама — “Ці прыедуць нямецкія назіральнікі
на выбары 15 кастрычніка?”.
Гаворыць Хорст Вінкэльман:
“Мы паглядзім, якая ацэнка будзе дадзеная пасьля выбараў 15 кастрычніка
з боку міжнароднае супольнасьці. Дыпляматычныя прадстаўніцтвы АБСЭ і Эўрапейскага
Зьвязу зь вялікай увагаю сочаць за разьвіцьцём падзеяў у Беларусі. Мы шчыльна
кантактуем з усімі, хто мае дачыненьне да выбарчага працэсу. Мне невядома
пра тое, што ў Беларусь прыедуць зь Нямеччыны афіцыйныя назіральнікі за
выбарамі. Але, магчыма, нехта прыедзе прыватным чынам, і потым дасьць свае
камэнтары да ўбачанага. Мы гэтага не выключаем”, — паведаміў амбасадар
Нямеччыны.
Пры гэтым спадар Вінкэльман дадаў, што гэтыя нямецкія грамадзяне ні
ў якім разе ня будуць мець статусу міжнародных назіральнікаў. А афіцыйныя
колы Нямеччыны, паводле словаў амбасадара, будуць прытрымлівацца ў справе
выбараў пазыцыі, выпрацаванай міжнароднымі структурамі. Гэта значыць, што
афіцыйныя назіральнікі ў Беларусь не прыедуць, а маніторынг выбараў будзе
зьдзяйсьняць група тэхнічных экспэртаў АБСЭ.
Хорст Вінкэльман таксама патлумачыў, што ня можа цяпер канчаткова расставіць
усе акцэнты, пакуль выбарчы працэс у Беларусі ня скончыўся. Галоўную ж
мэту сваёй працы ў Беларусі спадар Вінкэльман акрэсьліў як спрыяньне выхаду
краіны з канстытуцыйнага крызысу й паляпшэньню стасункаў з Захадам.
Паводле словаў амбасадара, аб’ём нямецкіх інвэстыцыяў у беларускую эканоміку
за апошнія гады не павялічыўся. Аднак Хорст Вінкэльман лічыць, што двухбаковыя
беларуска-нямецкія стасункі разьвіваюцца даволі інтэнсыўна. Асабліва гэта
тычыцца культурных, гуманітарных і бізнэс-кантактаў.
Спадар Вінкельман сказаў, што яму цяжка вызначыць, у якой са сфэраў
беларуска-нямецкія кантакты найбольш моцныя, бо, паводле ягоных словаў,
нямецкая дзяржава не кантралюе сувязі сваіх жыхароў. Аднак пры гэтым ён
дадаў, што нямецкая амбасада ў Менску толькі за мінулы год выдала каля
100 тысячаў візаў грамадзянам Беларусі.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1