Сёньня гандляры рэчавых кірмашоў краіны пасьля ўчорашняга
папераджальнага страйку вярнуліся на працоўныя месцы. Улады пакуль ніяк
не адрэагавалі на іхную акцыю пратэсту.
Паводле інфармацыі страйкавага камітэту прыватных прадпрымальнікаў,
рэчавыя кірмашы Беларусі сёньня запрацавалі ў звычайным рэжыме.
Гаворыць сябра страйкаму Леанід Каліценя:
“Аднадзённы папераджальны страйк скончыўся. Як сьведчаць ягоныя вынікі,
акцыя прайшла пасьпяхова. Нават болей пасьпяхова, чым мы меркавалі. Учора
страйкавалі прадпрымальнікі ўсіх абласных цэнтраў і буйных гарадоў. На
нашую ініцыятыву адгукнуліся прадстаўнікі дробнага бізнэсу шматлікіх раённых
цэнтраў. Мы правялі падлікі ўдзельнікаў страйку й выйшлі на лічбу ў 150
тысячаў. Можна сьмела казаць, што звыш 100 тысячаў”, — лічыць каардынатар
учорашняй акцыі Леанід Каліценя.
Між тым, афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі вяла адрэагавалі на масавы
пратэст прыватных прадпрымальнікаў. Паводле меркаваньня сяброў страйкаму,
улады разьлічвалі на іншыя вынікі акцыі. А менавіта: што гандляры прайгнаруюць
ініцыятыву прафсаюзных лідэраў і выйдуць на працу. Але выйшла інакш. І
таму зараз чыноўнікі, на думку арганізатараў страйку, асэнсоўваюць, як
паставіцца да пратэсту, што згуртаваў вялікую колькасьць прадстаўнікоў
дробнага бізнэсу.
Вось якой рэакцыяй на дзеяньні страйкоўцаў падзяліўся з нашым радыё
начальнік управы Міністэрства прадпрымальніцтва ды інвэстыцыяў Сяргей Цітавіцкі:
“Мне складана назваць гэта страйкам. Я сам гутарыў з многімі прадпрымальнікамі.
Іхныя патрабаваньні пішуць і выстаўляюць як патрабаваньні прадпрымальнікаў
пэўныя асобы. Гэтыя асобы падбухторваюць гандляроў ды ўцягваюць у свае
“гульні”. На маю думку, дарэмна прадпрымальнікі гэта робяць”, — заявіў
сёньня прадстаўнік міністэрства Сяргей Цітавіцкі.
Тым ня менш, паводле ягоных словаў, праблемы прадпрымальнікаў зараз
актыўна абмяркоўваюцца ва ўрадзе. У прыватнасьці, Міністэрства прадпрымальніцтва
ды інвэстыцыяў ініцыявала зьмякчэньне заканадаўства, якое тычыцца абкладаньня
мытамі тавараў трэціх краінаў, што ўвозяцца ў Беларусь з Расеі.
Сяргей Цітавіцкі працягвае:
“Калі ў нас адзіная мытная прастора, дык мытнага афармленьня тавараў
ані з боку Расеі, ані ад нас не павінна быць. І гэта трэба вырашаць. Але
вышэйшыя ворганы на гэты конт пакуль ня вызначыліся. Тым ня менш, наколькі
мне вядома, гэтай праблемаю актыўна займаецца сам Уладзімер Ярмошын. Прэм’ер-міністар
плянуе абмяркоўваць гэтыя пытаньні з расейскім бокам”, — зазначыў спадар
Цітавіцкі.
Міхал Стэльмак, Менск
Самае папулярнае
1