Галасаваньне закончылася ў сыботу позьнім вечарам – у 23.30. Напачатку было вылучана 10 кандыдатур. Але засталося толькі тры. Тадэвуш Кручкоўскі набраў 174 галасы “за”. Супраць яго галасавалі 77 чалавек. Апошнім быў скандальна вядомы граф Аляксандр Прушынскі, які атрымаў толькі 6 галасоў.
Між іншым, дэлегаты зьезду былі настроеныя абраць Юзафа Парэцкага, які часова выконваў абавязкі старшыні СПБ, пасьля дабраахвотнай адстаўкі з гэтай пасады Тадэвуша Гавіна. Аднак ён адмовіўся балятавацца. Прычына – у скандале, зьвязаным з асобай спадара Парэцкага. Сёлета польская памежная служба забараніла яму ўезд у Польшчу, паставіўшы ў пашпарце адпаведны штамп. Як паведамілі некаторыя польскія мас-мэдыя, падставай стала, нібыта, супрацоўніцтва ўладальніка пашпарта з беларускімі спэцслужбамі. Як ня дзіўна, незважаючы на гэта, спадара Парэцкага падтрымлівала польскі кансулят у Горадні. Тым часам, як польскі пасол у Беларусі Марыюш Машкевіч перад выбарамі выказаўся дыпляматычна. Ён сказаў, што прадстаўнікі Польшчы ня маюць намеру ўплываць на выбар дэлегатаў, але згодны, што зьмены ў Саюзе палякаў былі патрэбныя.
Тадэвуш Кручкоўскі зазначыў, што балятуецца толькі таму, што забраў сваю кандыдатуру Парэцкі, прыхільнікам якога ён зьяўляецца. Дарэчы, у апытаньні, праведзеным напярэдадні газэтай “Глос з-над Немна”, спадар Кручкоўскі апынуўся толькі на шостым месцы і набраў менш за тры працэнты галасоў. Праграма новага старшыні грунтуецца на крытыцы Тадэвуша Гавіна, які змагаўся з беларускімі ўладамі за правы палякаў, а таксама супрацоўнічаў з апазыцыяй. Спадар Кручкоўскі заявіў, што ніякага супрацоўніцтва з апазыцыяй больш ня будзе. Напрыклад, з тым жа БНФ. Бо апазыцыя называе палякаў “беларусамі-каталікамі”.
Ён мае намер шчыльна супрацоўнічаць з уладамі. Ім было сказана, што нават пад прускай і расейскай акупацыямі палякі дзейнічалі ў Рэйхстагу і ў царскіх уладных установах. Адначасова новы старшыня СПБ сьцьвердзіў, што будзе супрацоўнічаць з любой афіцыйнай уладай – хоць з Лукашэнкам, хоць з Пазьняком, хоць, нават, з Домашам.
Сяргей Астраўцоў, Горадня