У Берасьці мерапрыемствы пад агульным назовам “Пераменаў” расьцягнуліся
на два дні.
Сёньня прадстаўнікі берасьцейскіх моладзевых арганізацыяў (пераважна
гэта былі сябры Маладога Фронту), сабраліся на рагу вуліцаў Карла Маркса
і Пушкінскай і правялі несанкцыянаваны пікет. Удзельнікі трымалі бел-чырвона-белы
сьцяг і плякаты “Захаранка, Ганчар, Красоўскі і Завадзкі. Хто наступны?”,
“Чаму ў нас зьнікаюць людзі?”, “Патрабуем пераменаў”.
Чаму менавіта пад гэтымі лёзунгамі праходзіць сёньняшняя акцыя, тлумачыць
лідэр берасьцейскай арганізацыі Маладога Фронту Сяржук Бахун:
(Бахун: ) “Мы патрабуем пераменаў, каб не зьнікалі людзі, каб у нас
у Беларусі кожны мог адчуваць сябе спакойна, каб людзі не баяліся сучаснага
рэжыму, каб яны не ўцякалі за мяжу”.
Акцыя, удзел у якой прынялі каля 20 чалавек, доўжылася прыблізна 40
хвілінаў. Увесь гэты час да пікетоўшчыкаў падыходзілі людзі, якім маладафронтаўцы
тлумачылі, чаму яны сёньня ладзяць гэтую акцыю, і гаварылі пра яе агульнабеларускі
характар.
Праз 40 хвілінаў, калі да месца правядзеньня несанкцыянаванага пікету
наблізіліся міліцыянты, удзельнікі акцыі вырашылі яе спыніць і разыйшліся.
У сыботу моладзевыя арганізацыі Берасьця вырашылі правесьці ў цэнтры
гораду, на вуліцы Савецкай, літаратурныя чытаньні, прысьвечаныя 145-м угодкам
з дня сьмерці Адама Міцкевіча. Пасьля чытаньняў удзельнікі акцыі ўсклалі
жалобны вянок і кветкі да помніка паэта. Узгадваліся словы Міцкевіча пра
тое, што беларуская мова – самая гарманічная і з усіх славянскіх моваў
найменш зьмененая.
Алег Супрунюк, Берасьце
Самае папулярнае
1