Як піша сёньня New York Times, некаторыя экспэрты лічаць, што Масква пачала бразгаць зброяй з мэтай прымусіць Талібан спыніць ягоныя сувязі з ісламістамі ў былых савецкіх рэспубліках. Прадстаўнікі расейкага кіраўніцтва таксама падкрэсьліваюць, што Крэмль ня мае плянаў вялікай паветранай атакі на Афганістан. Аднак, Расея паставіла Злучаныя Штаты Амэрыкі ў вельмі няёмкае становішча за тыдзень да маючай адбыцца сустрэчы Біла Клінтана з Уладзімерам Пуціным у Маскве.
Вашынгтон супраць таго, каб Крэмль пашыраў канфлікт у Чачні на ўвесь Каўказ альбо да паўднёвых межаў рэспублік Цэнтральнай Азіі, пагражаючы Афганістану. Але ж у 1998 годзе адміністрацыя Клінтана пайшла на ракетную атаку супраць базаў тэрарыстаў у Афганістане пасьля выбухаў у амэрыканскіх амбасадах у Кеніі ды Танзаніі.
Больш за тое, галоўны аб’ект тых удараў – саўдавец Асама Бен Ладэн, якога Вашынгтон вышуквае паводле падазрэньня ў арганізацыі выбухаў, маюць на мэце й расейцы. Расейкія прадстаўнікі сьцьвярджаюць, што Бен Ладэн разам з ісламісцкімі групоўкамі падтрымліваюць чачэнцаў зброяй.
Аднак, як заявіў высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі Клінтана, у ЗША лічаць, што Расея мусіць быць больш стрыманай у выказваньнях. “Мы ня думаем, што якія б там ні было прычыны маглі б апраўдаць пашырэньне чачэнскай вайны”, – сказаў ён.
Амэрыканскія экспэрты лічаць, што Расея перабольшвае ролю замежнай дапамогі, спрабуючы паказаць, што вайна ў Чачні скіраваная супраць экстрэмістаў, а ня супраць чачэнскіх незалежнікаў.
Раней у гэтым месяцы Пуцін заявіў, што ісламскія паўстанцы ва Ўзьбэкістане
ды іншых рэспубліках былога СССР таксама атрымалі дапамогу з замежных крыніцаў,
– нагадвае New York Times.
Брытанская The Guardian піша, што Ўладзімер Пуцін у часе сваёй паездкі
ў Менск, на сустрэчу лідэраў краінаў СНД, якія уваходзяць у мытны саюз,
прадэманстраваў яшчэ большае імкненьне да ўзмацненьня ўплыву Расеі на суседнія
краіны, да аднаўленьня яе дзяржаўнай моцы.
Сакратар Рады Бясьпекі Расеі Сяргей Іваноў заявіў у Менску, што ён не
выключае “ваеннай акцыі” у выпадку, калі Талібан будзе ціснуць на хаўрусьнікаў
Расеі – у прыватнасьці, Таджыкістан і Кыргызтан.
Дарэчы, многія расейкія сродкі масавай інфармацыі зьвяртаюць увагу
на яшчэ адно выказваньне Сяргея Іванова – аб тым, што неабавязкова ўжываць
вайсковыя сілы, дастаткова, напрыклад, групы “Альфа”.
Варта нагадаць у гэтай сувязі, што менавіта з захопу савецкай групай “Альфа” палацу Ідзі Аміна ў Кабуле пачалася ў 79-м годзе вайна ў Афганістане, у якой загінулі прынамсі 15 тысячаў савецкіх жаўнераў і сотні тысячаў афганцаў.
Афганскае Ісламскае агенцтва паведаміла ўжо аб выказваньні прадстаўніка
талібаў, што ў выпадку прэвэнтыўных удараў з боку Расеі адказнасьць панясуць
Узьбэкістан і Таджыкістан.
Сьпікер Дзяржаўнай Думы Генадзь Селязьнёў, а таксама адзін зь лібэральных
лідэраў Барыс Нямцоў асудзілі пляны бамбаваньня Афганістану. Аднак, міністар
замежных справаў Ігар Іваноў, віцэ-прэм’ер Ілья Клябанаў і міністар абароны
Ігар Сяргееў далучыліся да пагрозаў.
Крыніцы ў атачэньні маршала Сяргеева паведамілі, што пляны бамбаваньня Афганістану падрыхтаваныя, і слова застаецца толькі за палітычным кіраўніцтвам. “Як толькі рашэньне будзе прынятае, удар будзе нанесены адразу ж”, – прыводзіць словы крыніцы ў міністэрстве абароны газэта The Guardian.
Віталь Тарас