Пэрспэктывы мытнага саюзу і магчымыя вынікі менскае сустрэчы камэнтуе
наш палітычны аглядальнік Валеры Карбалевіч.
(Карбалевіч: ) “Зараз, калі казаць пра лёс мытнага саюзу, дык можна
сказаць, што ягоны лёс ня вельмі пэрспэктыўны, таму што ён быў створаны
ў 1996 годзе дзеля палітычнай кан’юнктуры, для падтрымкі прэзыдэнта Ельцына
пад час яго перадвыбарчай кампаніі.
І вось прайшло колькі гадоў, а нейкіх посьпехаў у разьвіцьці мытнага
саюзу мы не назіраем. І можна сказаць, што мытны саюз, гэтак жа як і Савет
калектыўнае бясьпекі СНД, як і само СНД, яны разьвіваюцца па адным і тым
ж сцэнары. Гэта мёртванароджаныя дзеці, таму што інтэграцыя бедных – гэта
малаэфектыўная справа, і мы можам сказаць, што інтэграцыя там ідзе пасьпяхова,
дзе адбываецца пад’ём эканамічны, дзе разьвітыя эканомікі – у Эўропе, у
Паўночнай Амэрыцы. А вось у Афрыцы інтэграцыя не адбываецца, вельмі слабая
інтэграцыя на тэрыторыі СНД”.
(Бандарук: ) “Такім чынам, спадар Карбалевіч, Вы тлумачыце цяжкасьці
з ажыцьцяўленьнем гэтай мытнай дамовы эканамічнымі праблемамі краінаў-удзельніцаў
гэтага дагавору?”
(Карбалевіч: ) “Так, гэта ўнутраныя цяжкасьці, эканамічныя, але ёсьць
тут і прычыны іншага кшталту. Тут прычыны неэфэктыўнасьці інтэграцыі і
ў тым, што спрабуюць інтэгравацца краіны з рознымі цывілізацыямі, розным
геапалітычным становішчам, з розным сацыяльным укладам. Калі, скажам, узяць
Беларусь, то мы можам сказаць, што, скажам, сама СНД займае вельмі невялікую
долю ў зьнешнегандлёвым абароце Беларусі. Скажам, на долю СНД прыпадае
63 адсоткі зьнешняга гандлю Беларусі, але 55,6 прыходзіцца і на Расею,
а 5,5 на Украіну, і таму толькі 2% на ўсе астатнія краіны СНД, г.зн. для
Беларусі інтэграцыя ў межах СНД, у межах мытнага саюзу – гэта абсалютна
неактуальная праблема сёньня”.
(Бандарук: ) “Такім чынам, калі я добра разумею, Вы не прадбачыце ніякага
посьпеху гэтай менскай сустрэчы, незважаючы на ўвесь нададзены ёй розгалас?”
(Карбалевіч: ) “Я думаю, што ўсё ж-такі і пэрспэктывы мытнага саюзу
ня вельмі добрыя, ня вельмі эфэктыўныя па прычыне вось той, якой я сказаў.
Я не выключаю, што Расея можа пайсьці на ўтварэньне зоны свабоднага гандлю.
Гэта галоўнае пытаньне, якое, так сказаць, абмяркоўваецца ў Менску. Толькі
па палітычных прычынах. Гэта для Расеі нявыгадна эканамічна, г. зн. эканамічны
зьвяз, які не базуецца на эканамічнай выгадзе, ён ненатуральны, і ён ня
будзе пэрспэктыўным. Вось якую выснову я хацеў бы зрабіць”.
Гутарыў
Кастусь Бандарук
Самае папулярнае
1