Пра вынікі апэрацыі “зачысткі” паведамляе наш карэспандэнт Любоў Лунёва.
Пад час гэтак званае “зачысткі” на пляцу Якуба Коласа дзейнічалі вайскоўцы
з брыгады нутраных войскаў. Яны хапалі ўсіх, хто трапляў ім на вочы. Акрамя
прадстаўнікоў апазыцыі, пад гумавыя дубінкі траплялі жыхары Менску, якія
выходзілі з крамаў.
На вачах дзясяткаў людзей адная жанчына вельмі сталага веку выйшла з
унівэрсаму “Сталічны”. Калі ўбачыла, як вайскоўцы за валасы цягнуць па
асфальце юнака, падыйшла да аднаго афіцэра й крыкнула: “Што вы робіце!
Ён жа яшчэ зусім дзіцё!”. Афіцэр паклікаў свайго памочніка й той ззаду
ўдарыў жанчыну дубінкаю па патыліцы. Падаючы, яна выпусьціла сумку з прадуктамі.
На боты вайскоўцаў пырснула малако. Яны падхапілі жанчыну й пацягнулі яе
ў “варанок”. Да сумкі падбег яшчэ адзін вайсковец, нагою прыпадняў яе,
раскідаў усе прадукты й пабег да сваіх. Адная жанчына падбегла да іх, плакала
– казала, што гэта яе старая хворая маці. Гэтую жанчыну таксама пацягнулі
ў “варанок”.
Я была бліжэй за астатніх журналістаў да “варанка”. Да мяне падбег афіцэр
і стукнуў па дыктафону дубінкаю. З яго высыпаліся батарэйкі. Два целаахоўнікі
гэтага афіцэра пачалі іх таптаць. Нейкі апэратыўнік шапнуў ім, што я карэспандэнтка
“Радыё Свабода”, тады яны радасна ўзвылі: “А вас мы сегодня будем “мочить”
по отдельной программе!”.
Ля філярмоніі зьявіліся “РНЕ’шнікі”. Калі назіральнікі зьвярнуліся да
вайскоўцаў – чаму не затрымліваюць “баркашоўцаў”? – тыя адказалі, што так
і павінна быць, казалі – “это наши”.
У гэты час у аўтобус цягнулі й цягнулі іншых ахвяраў. Высьветлілася,
што на пляцы дзейнічалі пераважна вайскоўцы, апранутыя ў міліцэйскую форму.
Яны, акрамя загаду хапаць людзей, выконвалі і яшчэ адзін загад, які меў
дачыненьне толькі да журналістаў: выхоплівалі з рук карэспандэнтаў відэакамэры,
выймалі зь іх касэты, а многія камэры папросту білі.
Потым, відаць паступіла іншая каманда, і пачалі хапаць саміх журналістаў,
назіральнікаў ды іншаземцаў. Калі мяне затрымалі і я трапіла ў машыну,
там былі адныя назіральнікі й наш карэспандэнт Міхал Стэльмак. Побач з
вайскоўцамі ляжалі дыктафоны й фотаапараты. У Стэльмака забралі касэту
й акумулятар. У мяне хацелі адабраць дыктафон, але, калі я запэўніла іх,
што ён не працуе, супакоіліся.
Нас трымалі ў машыне каля дзьвюх гадзінаў, казалі – няма куды везьці,
Савецкі РАУС запоўнены затрыманымі, нават актавая заля (а паводле інструкцыі,
нас павінны адвезьці менавіта туды). Потым прыйшла каманда весьці нас на
базу – гэта стадыён на тэрыторыі вайсковае часткі, дзе ўжо было каля дзьвюх
сотняў чалавек.
Усяго было затрымана каля пяцісот чалавек. Пераважна гэта былі журналісты
й назіральнікі. Іх адмыслова трымалі на стадыёне, асобна ад тых, хто знаходзіўся
ў будынку, каб не складаць пратаколы. Бо, па-першае, гэта не прэрагатыва
вайскоўцаў, а па-другое, няма пратаколу й рапартаў з прозьвішчамі складальнікаў
– ня ведаеш, на каго падаваць скаргу й атрымліваць кампэнсацыю за пашкоджаную
маёмасьць.
Зараз у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вул. Акрэсьціна колькасьць
затрыманых – больш за сотню.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1