26 сакавіка ў Расеі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Як іхныя вынікі
адаб’юцца на беларуска-расейскіх стасунках?
З выбарамі ў Расеі склалася парадаксальная сытуацыя: ніхто ня мае сумневу
ў тым, хто будзе пераможцам. Хутчэй за ўсё, ужо 26 сакавіка (у самым крайнім
выпадку – у другім туры) выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Расеі стане прэзыдэнтам.
Парадокс палягае ў тым, што вядомае толькі прозьвішча пераможцы – Пуцін,
але хто такі Пуцін, якую палітыку ён будзе праводзіць? – дакладных адказаў
дагэтуль няма. Беларуская палітычная эліта назірае за падзеямі ў Расеі
зь вялікай насьцярогаю.
Узьлёт Пуціна выглядае вельмі пагрозьлівым яшчэ й таму, што вельмі нагадвае
беларускія падзеі шасьцігадовае даўніны. Тады беларусы таксама знайшлі
сябе месію, збавіцеля ў “чалавеку ніадкуль”. Рэйтынг Лукашэнкі напярэдадні
выбараў таксама за лічаныя месяцы вырас з нуля да завоблачных вышыняў;
“народны” кандыдат у прэзыдэнты Беларусі гэтак жа, як і Пуцін, меў імідж
“моцнага чалавека”, які разьбярэцца з усімі, з кім трэба. Дарэчы, тая ж
“справа Бабіцкага” ў чымсьці нагадвае, толькі ў значна больш жахлівай форме,
“справу Шарамета”. Нават у звычцы гойсаць па краіне Пуцін і Лукашэнка падобныя.
(Адзінае, што Лукашэнка зьнішчальнікам не кіраваў. Ну ды й краіна меншая).
Але нельга не заўважаць і істотныя адрозненьні. У 1994 годзе Лукашэнка
абяцаў змагацца з капіталізмам, душыць бізнэс, узнаўляць савецкія парадкі,
выкараняць нацыяналізм, узнаўляць СССР. Што абяцаў, тое і робіць. І не
ягоная, так бы мовіць, “віна”, што ня ўсё атрымліваецца. І што вельмі важна:
электарат Лукашэнкі і раней, і зараз – гэта ў пераважнае бальшыні тыя,
хто сумуе па савецкім часе, хто хоча назад у СССР.
А што абяцае Пуцін? Абяцае праз рэфэрэндум увесьці прыватную ўласнасьць
на зямлю, гаворыць пра падтрымку бізнэсу й сярэдняй клясы, робіць намёкі
пра магчымасьць уступу Расеі ў NATO…
Два тыдні таму ў “Московских новостях” быў прыведзены сацыялягічны аналіз
электарату Пуціна. Дык вось, бальшыня тых , хто гатовыя аддаць яму свае
галасы – прыхільнікі заходняй лібэральнай мадэлі разьвіцьця Расеі. Да таго
ж, бальшыня насельніцтва – і прыхільнікі, і праціўнікі Пуціна – чакаюць,
што ён павядзе Расею менавіта гэтым шляхам. Зразумела, чаканьні выбаршчыкаў
могуць і ня спраўдзіцца, але адрозьненьні ад беларускае сытуацыі 1994 года
навідавоку.
Можа, таму з насьцярогаю да Пуціна ставіцца ня толькі беларуская апазыцыя,
але і ўлады. Размовы пра аб’яднаньні неяк сьціхлі. Камэнтуючы чуткі пра
магчымасьць правядзеньня паседжаньня Вышэйшае рады хаўрусу Беларусі й Расеі
да 26 сакавіка, Лукашэнка кісла адказаў, што Пуціну гэта непатрэбна. І
дадаў, што да канца гэтага году новых інтэграцыйных прарываў чакаць ня
варта. Падаецца, што нават з пункту гледжаньня беларускага інтэгратара
зараз гульні ў аб’яднаньне сталі куды больш небясьпечнай справаю, чым раней.
Вельмі нэрвова рэагавалі беларускія ўлады на заяву Пуціна пра магчымасьць
уступу Расеі ў NATO. Гэта, сапраўды, ня больш, чым намёк, але для Лукашэнкі,
які вядзе асабістую “халоднаю вайну” з NATO, Альянс – “монстар”, а не магчымы
хаўрусьнік. Сьмешна назіраць, як зараз беларускія дзяржаўныя газэты спрабуюць
вучыць Пуціна, якая на самой справе пачвара – NATO.
Так што, нягледзячы на вонкавае падабенства, Лукашэнка не адчувае ў
Пуціне “свайго”. А пэўныя рэвэрансы ў бок Пуціна афіцыйны Менск робіць
таму, што падзецца няма куды.
Якімі будуць беларуска-расейскія стасункі пры Пуціне? Хутчэй за ўсё,
інтэграцыйныя гульні стануць больш стрыманымі. Шанцы для Лукашэнкі сесьці
ў Крамлі канчаткова зьніклі, а шанцы страціць дзяржаву значна падвысіліся.
З другога боку, наўрад ці пуцінская Расея захоча брутальна далучыць
Беларусь да сябе. Гэта было б абвяшчэньнем глябальнага супрацьстаяньня
Расеі з Захадам, чаго Пуцін наўрад ці хоча й на што наўрад ці пойдзе.
Хутчэй за ўсё, будзе ўзмацняцца кантроль з боку Расеі над дзяржаўным
апаратам Беларусі, над “вэртыкальлю” і ў першую чаргу над сілавымі структурамі.
Некаторыя назіральнікі выказваюць меркаваньні, што Крэмль можа пайсьці
нават на замену кіраўніка Беларусі.
Але падаецца, што такі сцэнар верагодны толькі ў выпадку надта ўжо моцнага
“пацяпленьня” стасункаў Беларусі з Захадам. Тады Лукашэнка, сапраўды, стане
непатрэбным цяжарам для Масквы.
Хутчэй за ўсё, стасункі Расеі з Захадам будуць разьвівацца па формуле:
“Крок наперад – крок назад”. Тады пэўная патрэба ў Лукашэнку для Расеі
будзе захоўвацца. Да таго часу, пакуль у самой Беларусі не адбудуцца істотныя
палітычныя зьмены.
Юры Дракахруст, Менск
Самае папулярнае
1