Сёньня Мікола Статкевіч, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі
“Народная Грамада”, накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім параіў
маліцца яму…
Рэч у тым, што Аляксандар Лукашэнка, ацэньваючы “Марш Свабоды – 2” узгадаў
і Міколу Статкевіча. Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Статкевіч таксама адной
нагой там стаіць (маецца на ўвазе ў турме - кар.) Чаго ты туды палез? Ты
ўжо сядзі ціхенька дома й малі Бога, каб на свабодзе застаўся… Табе ж прад”явілі
абвінавачваньні”. Канец цытаты. Зараз пракуратура абвінавачвае Міколу Статкевіча
ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Лідар
“Народнай Грамады” быў адным з арганізатараў “Маршу Свабоды – 1”. Мы ўзялі
камэнтар у Міколы Статкевіча
(Карэспандэнт: ) “Спадар Мікола, такая эмацыйная рэакцыя Аляксандра
Лукашэнкі на “Марш Свабоды – 2”, пад час якога нічога крымінальнага, правапарушэньняў
не адбылося. Я бы хацела Ваш камэнтар…”
(Статкевіч: ) “Я думаю, найперш гэта – страх. Нейкая дзіцячая крыўда.
Ён не чакаў. Ёсьць страх, што тэндэнцыя будзе расьці, што проста зьмяце
яго. Нейкая дзіцячая крыўда, што, маўляў, я вас папрасіў, а вы мяне не
паслухалі. Зрабілі наадварот. І, безумоўна, канкрэтныя ймёны, якія названыя,
- гэта спроба напалохаць канкрэтных людзей. У тым ліку й тых, хто мае справы
з судом. У тым ліку й мяне. Спадар Лукашэнка нават ужыў такія словы, што
я павінен сядзець дома й маліцца”.
(Карэспандэнт: ) “А Вы моліцеся?”
(Статкевіч: ) “Ха-ха… (сьмяецца). У царкве бываю. Але я сёньня накіраваў
яму адказ. Я там патлумачыў Лукашэнку, што гэта яму трэба маліцца. Таму
што, калі мы рызыкуем, ахвяруем нечым, дык у нас ёсьць дзеля чаго ахвяраваць
і рызыкаваць. У нас ёсьць ідэалы. У нас ёсьць пераемнасьць ад нашых продкаў.
І гэта застанецца назаўсёды. Нехта заўсёды ў Беларусі будзе за яе змагацца.
А за што рызыкуе спадар Лукашэнка? Я задаў яму гэтае пытаньне. Застаецца
– за ўладу. Але. Я напісаў яму, што бачыў старых людзей у турме. І гэта
вельмі трагічнае відовішча. Там больш маладыя імі грэбуюць. Вельмі цяжка
старым у турме. Гэты канец ня варты нават самай неабмежаванай улады. Таму
я параіў яму маліцца, каб яму ўдалося знайсьці кампраміс з патрыятычнай
часткай грамадзтва і каб яму даравалі тое, што ён рабіў з нашай Айчынай”.
(Карэспандэнт: ) “Спадар Мікола, я мушу тут канкрэтызаваць. Вы ськіравалі
адказ Лукашэнку. У якім выглядзе?”
(Статкевіч: ) “У выглядзе ліста. Ён перададзены ў прэсу”,
(Карэспандэнт: ) “Якая была Вашая першая рэакцыя на словы Аляксандра
Лукашэнкі?”
(Статкевіч: ) “Калі я пачуў гэтыя словы, я зразумеў, што чалавек вельмі
напалоханы. Перабывае ў стане гістэрыкі. Вось і ўсё. Што тычыцца мяне,
то такія рэчы як страх я пераступіў дастаткова даўно. З гэтым трэба справіцца
адзін раз. А далей – усё лёгка”.
(Карэспандэнт: ) “Выглядае, што Аляксандар Лукашэнка пэрсанальна адсочвае
справы тых людзей, імёны якіх былі названыя. Лябедзька, Чыгір, Вы…”
(Статкевіч: ) “Безумоўна. Я гэта ведаў і раней, але гэта - доказ”.
(Карэспандэнт: ) “Шмат станоўчых ацэнак адносна “Маршу Свабоды – 2”.
Масавасьць. Урачысты настрой. Я б хацела, каб Вы ацанілі гэтую акцыю”.
(Статкевіч: ) “Марш” даказаў, што нашае грамадзтва хоча свабоды”.
Гутарыла
Вольга Караткевіч
Самае папулярнае
1