Амбасадар Беларусі ў Вашынгтоне Валеры Цапкала заявіў у інтэрвію беларускаму
дзяржаўнаму радыё, што, нібыта, слуханьні беларускага пытаньня ў Кангрэсе
ЗША, якія адбыліся 9 сакавіка, скончыліся правалам. Прычына – ня быў прыняты
выніковы дакумэнт, рэзалюцыя, дэклярацыя альбо заява. Камэнтар Аляксандра
Лукашука.
Калі амбасадар Цапкала паслаў падобную справаздачу ў МЗС, яго мусяць
звольніць за прафэсійную непрыдатнасьць. Радыё Свабода вяло прамы рэпартаж
з Кангрэсу ў дзень слуханьняў тыдзень таму, і нашыя слухачы разумеюць,
у чым справа.
Слуханьні ў камітэце кангрэсу ЗША ніколі не сканчаюцца прыняцьцем заключнага
дакумэнту – ў іх іншы статус. Амэрыканскія сэнатары, у адрозьненьне ад
групы асобаў у Беларусі, якія чамусьці называюць сябе гэтым словам, працуюць
прафэсійна і на такога кшталту слуханьнях звычайна вывучаюць паглыблена
тое ці іншае пытаньне – каб пасьля, пад час працы ў Кангрэсе, пісьменна
і аргумэнтавана прымаць рашэньні, уплываць на дзеяньні адміністрацыі.
Дарэчы, менавіта пасьля таго, як сэнатары і прысутныя супрацоўнікі Дзяржэпартамэнту
выслухалі старшыню Вярхоўнага Савету Беларусі Сямёна Шарэцкага, ягонага
намесьніка Аляксандра Лябедзьку, дэпутата Станіслава Шушкевіча, лідэра
БНФ Зянона Пазьняка, у Менск напярэдадні Маршу Свабоды накіраваўся дарадца
дзяжсакратара Рос Ўілсан, была прынятая адмысловая заява Дзярждэпартамэнту
і беспрэцэдэнтная заява Белага Дому, дзе недвухсэнсоўна была заяўленая
жорсткая пазыцыя ЗША што да агульнай палітычнай сытуацыі, а таксама і непасрасрэдна
да пагрозаў ужыць сілу супарць мірных дэманстрантаў.
Калі Цапкала ўсяго гэтага ня ведае – ён дарма еў хлеб у Вашынгтоне апошнія
чатыры гады. Калі ведае і падае інфармацыю ў такім выглядзе, як прыемна
гаспадару, тады гэта – прафэсія не амбасадара незалежнай эўрапейскай краіны,
але афіцыянта.
Аляксандар Лукашук
Самае папулярнае
1