У Кіеве сёньня пікетавалі амбасаду Беларусі. Удзельнікі падтрымлівалі
“Марш Свабоды – 2” і выступалі супраць паўтарэньня ва Ўкраіне беларускага
сцэнару.
Акцыю салідарнасьці зь беларускім “Маршам Свабоды” арганізавалі тры
ўкраінскія моладзевыя арганізацыі: Суполка ўкраінскай моладзі, Малады Рух,
грамадзкае аб”яднаньне “Моладзь – надзея Ўкраіны”. Таксама ў арганізацыі
мерапрыемтва браў удзел Народны рух.
Прадстаўнікі гэтых арганізацыяў паведамілі, што гэтым разам пастанавілі
не адпраўляць сваіх пасланцоў у Менск, каб не дазволіць рэжыму Лукашэнкі
пасьля абвінаваціць украінскіх экстрэмістаў у арганізацыі масавых хваляваньняў.
Перад амбасадай Беларусі ў Кіеве каля 50-ці актывістаў скандавалі антылукашэнкавыя
лёзунгі, а таксама пратэставалі супраць намеру ўкраінскіх уладаў правесьці
рэфэрэндум. Гаворыць Тарас Шамайда, галава кіеўскай арганізацыі Маладога
руху:
(Шамайда: ) “Мы наагул лічым, што такія захады ўкраінскіх уладаў – гэта
паўтарэньне беларускага сцэнару 1996 году. Тады таксама адбыўся рэфэрэндум,
пасьля якога скарацілася колькасьць дэпутаў у парлямэнце, была ўтвораная
Верхняя палата. Было дазволена прэзыдэнту разганяць парлямэнт. Канстытуцыя
Беларусі была прынятая на рэфэрэндуме. Ад таго часу распачалася самая жорсткая
фаза беларускай дыктатуры. І гэта тыповы шлях для рэжымаў, якія хочуць
усталяваць аўтарытарнае кіраваньне. Таму, падтрымоўваючы народ Беларусі,
мы салідарызуемся з намаганьнямі эўрапейскіх арганізацыяў спыніць палітычную
авантуру ва Ўкраіне”.
(гучаць лёзунгі “Беларусь – у Эўропу!”)
У небясьпечнай ад усяго гэтага аддаленасьці стаяць дзьве жанчынкі пад
парасонамі і размаўляюць. У Кіеве сёньня дождж. Падыходжу і пытаюся: вы
ведаеце, што тут адбываецца?
(Голас: ) “Не…”
А вам цікава?
(Голас: ) “Не цікава. Мы прыйшлі, бо маем справы”.
А вы часам не зь Беларусі?
(Голас: ) “Зь Беларусі”.
Вы падтрымліваеце сёньняшнюю акцыю?
(Голас: ) “Нічога мы ня ведаем. Навошта гэтая акцыя?”
А як там вам жывецца?
(Голас: ) “Добра…”
Праўда?
(Голас: ) “Так…”
Зараз зьвяртаюся да школьнікаў, хлопчыкаў гадоў па 12. Іхную ўвагу прывабілі
плякаты і лёзунгі дэманстрантаў. Што яны ведаюць увогуле пра ўладу Аляксандра
Лукашэнкі ў Беларусі?
(Голас: ) “Многа чаго ведаем. Туды больш газу паступае. Бэнзыну, магчыма”.
А чаму больш?
(Голас: ) “Яны ж там з Расеяй нейкую дамову заключылі. Дакладна ня ведаю”.
А ці чулі вы, што там парушаюцца правы чалавека?
(Голас: ) “Не…”
Чарговы ўдзельнік пікету гаворыць:
(Голас: ) “Увесь сьвет ідзе адным, так бы мовіць, калідорам. А вось
Лукашэнка – перашкода. Як і Сэрбія, так і Лукашэнка. Хаця ў пэўнай ступені
ён сам не разумее, якую функцыю адыгрывае…”
Наступная жанчына паведаміла:
(Голас: ) “Вы ведаеце… Я – настаўніца. І калі я гляджу ў сьветлыя вочы
дзяцей, калі яны радуюцца – я думаю, будучыня – у сьветлых вачах нашых
дзяцей. І яна будзе абавязкова”.
Гэты суразмоўца быў больш катэгарычны:
(Голас: ) “Пакуль той Лукашэнка жыве, жыцьця ня будзе на Зямлі. Там
– Лукашэнка, Югаславія, Саддам Хусэйн. Нічога добрага мы не дачакаемся.
Шматпакутны, няшчасны народ - беларусы. Гэта ж другі Гітлер”.
Дарэчы, над галовамі маніфэстантаў – партрэт Лукашэнкі “пад Гітлера”.
Ніякай магчымасьці сустрэцца з прадстаўнікамі амбасады пікетоўцы не шукалі. Арганізатары пікету паведамілі, што няма пра што размаўляць, пакуль над будынкам амбасады лунае не сапраўдны беларускі сьцяг, а гэтая анучка”. Павло Балькоўскі, Кіеў
Ніякай магчымасьці сустрэцца з прадстаўнікамі амбасады пікетоўцы не шукалі. Арганізатары пікету паведамілі, што няма пра што размаўляць, пакуль над будынкам амбасады лунае не сапраўдны беларускі сьцяг, а гэтая анучка”. Павло Балькоўскі, Кіеў