Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Чатырох студэнтаў Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту паспрабавалі не дапусьціць да экзамэну па вайсковай падрыхтоўцы за тое, што яны адмовіліся ўступаць ва ўнівэрсытэцкую суполку “Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі”.

Менскі лінгвістычны ўнівэрсытэт вядомы сваімі даўнімі дэмакратычнымі традыцыямі, не растрачанымі нават у цяперашні час. Дастаткова нагадаць хаця б леташні візыт у гэтую навучальную ўстанову амэрыканскага амбасадара Дэніэла Спэкгарда, выступ якога перад студэнтамі й выкладчыкамі закранаў самыя балючыя для Беларусі тэмы. Гэты візыт паказаў, што ва ўнівэрсытэце шмат прыхільнікаў дэмакратычных каштоўнасьцяў. Гэтак, як і людзей, якія падзяляюць іншыя палітычныя погляды.

Ёсьць тут і суполка “Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі”, але, паводле студэнтаў, вельмі кволая. І вось, сьцьвярджаюць студэнты, выкладчыкі з вайсковай катэдры вырашылі гэтай суполцы дапамагчы. Што й прывяло да канфлікту ў адной з групаў “гішпанскага” факультэту. Распавядае першакурсьнік гэтага факультэту Вадзім…

(Голас: ) “Дзесьці месяц назад прыйшоў да нас загадчык вайсковай катэдры, палкоўнік Кастамараў, і настойліва прапанаваў уступіць у БПСМ.Ён падкрэсьліў, што ўступленьне дабраахвотнае, але пасьля сваёй даволі працяглай тырады ён сказаў, што, калі вы патрыёты, а ў нас на вайсковай катэдры павінныя навучацца толькі патрыёты, то вы павінныя ўступіць у БПСМ”.

Тут варта патлумачыць, што вучоба на вайсковай катэдры дазваляе выпускніку ня йсьці ў войска. І таму ўсе студэнты імкнуцца патрапіць, як яны кажуць, на “ваенку”. Але ўдаецца гэта ня ўсім, а толькі тым, хто на першым курсе прайшоў адмысловы адбор. Таму за месца на катэдры студэнты трымаюцца.

Вадзім сьцьвярджае, што ў абавязкі камандзіраў, прызначаных зь ліку студэнтаў, уваходзіць таксама й сачэньне за настроямі сярод студэнтаў, інакш палкоўнік Кастамараў не панізіў бы аднаго такога камандзіра да шэрагоўца за тое, што ў ягоным узводзе адмовіліся ўступаць у “БПСМ”. Гэты загад Вадзім і ягоныя сябры бачылі на свае вочы:

(Голас: ) “За недастатковае выхаваньне сваіх падначаленых у духу патрыятызму. За гэта яго перавялі ў курсанты”.

Але на гэтым перасьлед іншадумцаў на “гішпанскім” факультэце не скончыўся. Час выпрабаваньняў надышоў для студэнтаў, калі пачалася летняя сэсія…

(Голас: ) “Мы прыйшлі на экзамен, тут зьвявўся палкоўнік Кастамараў. Ён паставіў нам такія ўмовы: хто ўступае ў БПСМ, той застаецца здаваць іспыт. Ну, запісаў прозьвішчы. Уступілі 4 чалавекі. 4 чалавекі ўступіць не пажадалі. Ён сказаў, каб зьбіралі рэчы ды йшлі прэч”.

Паводле Вадзіма, сыстэма “патрыятычнага” выхаваньня на вайсковай катэдры ўключае ня толькі размовы й лекцыі, але й вывучэньне настрояў пад выглядам заняткаў. Гэтак, аднойчы студэнтаў прымусілі пісаць сачыненьне з ацэнкаю дзяржаўных сьвятаў, у тым ліку – гадавіны камуністычнага перавароту 7 лістапада 1917 году і Дня абаронцы айчыны, які прыпадае на 23 лютага, былы дзень Чырвонай арміі. З тымі студэнтамі, якія выказвалі нязгоду з гэтымі сьвятамі, палкоўнік Кастамараў асабіста праводзіў пэрсанальныя размовы.

Праўда, ён адмаўляе, што ўвогуле калісьці прымушаў сваіх студэнтаў уступаць у “БПСМ”. Вось што сказаў мне Віктар Кастамараў сёньня па тэлефоне:

(Кастамараў: ) “Гэта памылковая гісторыя. Такога не было”.

(Карэспандэнт: ) “Такога не было. Але ўсё ж такі патрабаваньне ці прапанова ўступаць студэнтам у БПСМ была?”

(Кастамараў: ) “Не было”.

(Карэспандэнт: ) “З Вашага боку не было?”

(Карэспандэнт: ) “Наагул не было?”

(Кастамараў: ) “Не?”

(Карэспандэнт: ) “Дык што, яны падманваюць нас?”

(Кастамараў: ) “Канешне…”

(Карэспандэнт: ) “Чым Вы патлумачыце такія паводзіны студэнтаў?”

(Кастамараў: ) “Па-русску размаўляйце…”

(Карэспандэнт: ) “Ну, чым гэта патлумачыць, што яны падманваюць?”

(Кастамараў: ) “Ня ведаю…”

Між тым, тое, што гэтая гісторыя ўсё ж мела месца, сьведчыць яе працяг, пра які сёньня вядома ўсім на “гішпанскім” факультэце і ў рэктараце. Студэнты, якіх не дапусьцілі да іспыту па “ваенцы”, пайшлі да рэктаркі Баранавай і дамагліся перамогі…

(Голас: ) “Рэктар нам сказала, што яна, канешне, за пашырэньне БПСМ у нашым унівэрсытэце, але толькі добраахвотна. Яна выклікала да сябе на размову палкоўніка Кастамарава. Пра вынікі сустрэчы мы ня ведаем, але факт тое, што студэнта, якога выключылі, аднавілі на вайсковай катэдры і сказалі самому выбраць дзень здачы іспыту вайсковай падрыхтоўкі”.

Распавёў студэнт “гішпанскага” факультэту лінгвістычнага ўнівэрсытэту Вадзім. Дарэчы, гэта не ягонае сапраўднае імя. Нават цяпер, пасьля заступніцтва рэктаркі, хлопец сьцеражэцца, што яму могуць адпомсьціць – бо наперадзе іспыт на вайсковай катэдры.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG