Аляксандар Лукашэнка правёў нараду, прысьвечаную абмеркаваньню
сытуацыі ў аграпрамысловым комплексе.
Пад час нарады Лукашэнка паспрабаваў вырашыць адразу некалькі пытаньняў.
Першае – гэта тактычныя мэты беларускае сельскае гаспадаркі. Інакш кажучы,
дзяржава хацела б упершыню за апошнія тры гады вырасьціць і сабраць нармальны
ўраджай. Былі разгледжаныя пытаньні пра нарыхтоўку кармоў, падрыхтоўку
тэнікі да жніва. Таксама абмяркоўвалася сытуацыя ў рэгіёнах.
Дарэчы, апошнім часам дзяржаўныя чыноўнікі сталі больш жорстка кантраляваць
сытуацыю ў правінцыі. Віцэ-прэм’ер ураду Аляксандар Папкоў паабяцаў, што
сёлета ў Віцебскай вобласьці ўраджайнасьць збожжа складзе 30 цэнтнэраў
з гэктару. Праўда, сур’ёзных падставаў да такіх спадзяваньняў няма. Многія
незалежныя экспэрты лічаць, што сёлетні ўраджай будзе на 30 адсоткаў меншы
за леташні, які быў адным з самых нізкіх за апошняе дзесяцігодзьдзе.
Падобна, ва ўрадзе ня вельмі спадзяюцца на ўласны ўраджай – ужо падрыхтаванае
рашэньне пра тое, што беларускія камбайнэры пад час жніва паедуць працаваць
у Краснадарскі край. Адпаведнае рашэньне прыняў Менскі аблвыканкам. Разьлікі
будуць весьціся збожжам з разьліку 15-20 адсоткаў ад таго, што было сабрана.
На кожную адзінку адпраўленай тэхнікі ў выканкаме разлічваюць атрымаць
па 110 тонаў збожжа.
Пры Лукашэнку ў Беларусі ўвогуле ні разу не ўдалося сабраць добры ўраджай.
Пазалетась гэтаму перашкодзіла паводка, летась – засуха. Сёлета праблемы
пачаліся ўвесну, калі былі замаразкі. Значную частку плошчаў давялося перасяваць.
Дарэчы, у Летуве, дзе клімат амаль такі ж, як і ў Беларусі, у тыя ж самыя
гады з ураджаем было ўсё ў парадку.
Другое пытаньне сёньняшняй нарады – дапамога сялянам у нарыхтоўцы кармоў.
Праўда, людзям на дапамогу разьлічваць не выпадае – Лукашэнка параіў кожнаму
селяніну нарыхтаваць адну-дзьве тоны кармоў самастойна, пажадана на няўдобіцах.
А ўжо потым дзяржава дапаможа.
Лукашэнка таксама паабяцаў разабрацца з праблемаю своечасовае выплаты
заробкаў у калгасах. Праўда, адкуль у гаспадарак зьявяцца на гэта грошы,
застаецца таямніцаю. Паводле словаў Лукашэнкі, дзяржава больш не дазволіць
падвышаць кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю. Ён лічыць, што коштам
і так больш няма куды расьці. Лукашэнка заявіў, што склады дзяржаўнага
рэзэрву перапоўненыя, таму што ніхто ня хоча набываць беларускую прадукцыю
па такіх высокіх цэнах.
Ганна Навумовіч, Менск
Самае папулярнае
1