Першаснае значэньне слова санацыя для беларускага вуха гучыць
зьдзекліва. Дайце веры, усталяваны начальнікам польскай дзяржавы Юзафам
Пілсудзкім санацыйны рэжым для беларусаў-заходнікаў мусіў азначаць
“аздараўленьне”, “лекаваньне”.Санацыя павінна была палекаваць беларусаў
ад беларускага слова ў школах, ад беларускае казані ў касьцёлах; мелася
прапісаць занядужалым насельнікам “крэсаў усходніх” антыбеларускія варшаўскія
рэцэпты. А ў выніку – дарэшты выветрыць зь беларускіх галоваў подумкі пра
беларускую дзяржаўнасьць. Вось дзе ўжо “сапраўды такія лекары маглі дастаць
душу без пары”!
Беларушчына заганялася ў Бярозу Картузкую, дзе чуйна драмала ў чаканьні
волі. За кратамі сядзелі паэты і палітыкі, мастакі і выдаўцы, грамадоўцы
і простыя грамадзяне. Таму ў санацыі чуецца яшчэ й сон нацыі.
Вернемся ў думках у Заходнюю Беларусь і пройдземся разам з гарадзенскім
паэтам Юркам Голубам па вуліцах сьцішанага места, каб пачуць як уначы каля
кляштара пры санацыі Польшчы “зноўку гісторыя кашляе як прамоклы
падпольшчык”.
Сёньня ў будынку прыгаданага кляштара месьціцца турма, дзе эстафэту
вязьняў санацыйнага рэжыму пераймаюць вязьні рэжыму лукашэнскаўскага,
які сіліцца зацягнуць Беларусь на яшчэ адныя, на гэты раз – паўночна-заходнія
крэсы.
Сэрца Пілсудзкага, што марыў пасадзіць усіх беларусаў на адной лаве,
пахаванае на Віленскіх могілках Роса і прадбачліва заслоненае шматтоным,
таўшчэзным панцарам труніцы. На гладкай каменнай паверхні выразна відзён
сьлед куляў, як пасьмяротная падзяка за санацыю.
Міхась Скобла, Менск
Самае папулярнае
1