Яма, яміна, ямка – адно з самых сэмантычна напоўненых словаў
нашай мовы. Для беларуса, для яго побытавай сьвядомасьці, гістарычнай памяці,
гэта – склеп, зямлянка, калдобіна і акоп, падвал і траншэя, нара і роў,
канава і яр і, вядома ж, – магіла.
Паводле папулярнай песьні “Цячэ вада ў ярок”, а ў яры, ірвы ды насьпех
выкапаныя ямы цякла насамрэч кроў беларускіх сыноў і дачок, ахвяраў
усялякіх захопнікаў ды гвалтаўнікоў, у прыватнасьці, далакопаў бальшавіцка-сталінскага
кшталту.
Жывым у яму не палезеш, не капай яму свайму бліжняму.
Гэтак гучалі спрадвечна-стрыманы, так бы мовіць, аптымізм народа, яго цьвярозая
гуманістычная мараль.
Але насуперак ёй згаданыя далакопы, заплечных спраў майстры, рабілі
сваю чорную справу, стралялі і скідвалі ў ямы штабелямі гэтых самых
ні ў чым не вінаватых сваіх бліжніх. У выніку, кажучы словамі публіцыста,
гэтай іхняй кіпучай дзейнасьці, на беларускай зямельцы побач з рознымі
прыроднымі паглыбленьнямі ды ўпадзінамі, з ірвамі-ярамі ды звычайнымі могілкамі
ўтварыліся незьлічоныя ямы-магілы. Ямы-магілы ў Курапатах,
ямы-магілы ў ваколіцах Магілёва, Воршы, Вілейкі, Бабруйска, Гомеля.
Яма. Яма эмацыянальная, яма духоўная, яма
прававая, яма маральна-палітычная, і яма, у фігуральным сэнсе,
ваўчыная – гэта ўжо калі чалавек падыходзіць да бездані, калі ў яго ўжо
зьнікае магчымасьць жыць.
“Во трапіў у ваўчыную яму, колькі куды ні скачы – ня выскачыш”,
– горка зазначае ў сваіх перадсьмяротных развагах герой аповесьці Васіля
Быкава, якая так і называецца – “Ваўчыная яма”. Мы ведаем клясычнывя
творы пад назвай “Яма”, але ў дадзеным выпадку ня проста яма,
але яма ваўчыная.
Анатоль Вярцінскі>
Самае папулярнае
1