Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшка


Асабліва на Полаччыне захавалася даўняя, лічы паганская традыцыя жаніць Цярэшку. Усе ўдзельнікі гэтай каляднай дашлюбнай гульні моладзі становяцца ў два шэрагі, па чарзе выбіраюцца «дзед» і «баба».

Спачатку «дзед» ловіць «бабу». Пачынаецца вясёлая прыгода, усе падпяваюць:

Дзед бабу лавіў, лавіў,
ляшчыньнік ламіў, ламіў,
ляшчыньнік ня ломіцца,
бабулька ня ловіцца,
а здайся, бабулька, здайся,
на лепшых не заглядайся,
і тыя ж ня лепшыя —
ёсьць за мяне й меншыя...

Па традыцыях паганства словы ня дужа выбіраюць:

Пастаі, бабулька, у кутку,
А я разганюся ды ўткну...

Мэлёдыя традыцыйная, а словы дасьціпныя і юрлівыя.

Дзед бабе чугай шыіць,
а ў бабы душа ныіць,
дзед бабе чугай пашыў,
на начы сем раз прасіў...

Калі «дзед» зловіць «бабу», «баба» пачынае лавіць «дзеда»:

Пастаі, дзядулька, у кутку,
а я табе штонікі вытку...

Калі «дзед» і «баба» ўзаемна папераловяцца, тады пачынаецца застольле — бліны, каўбасы, розныя прысмакі і, вядома, гарэлка свайго вырабу. Над закусьсю мудрылі дзяўчаты, стараліся каб смашней. Гарэлка была клопатам хлопцаў.

Дзеці таксама жэняць Цярэшку. У іх таксама застольле, праўда не пяршак, а так званая «перагонка» на стале. Ну, вядома, дзеці не сьпявалі:

Цярэшку бяда стала —
з кім яго жонка спала?
У садку зялёненькім,
з казачком малодзенькім.
А Цярэшка цярэжыла —
на печы ня ўлежала...

Усе чулі покліч: «Зь печы, з полу сабірайцеся к столу!»

Так моладзь рыхтавалася да сямейнага жыцьця, вясёла і незаклапочана. Клопаты прыйдуць пасьля.

Рыгор Барадулін

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG