Слова беларушчына нарадзілася ў ХХ стагодзьдзі. Гэта сучаснае
слова. Хоць сама словаўтваральная мадэль вядомая ў нас здаўна. Яшчэ ў першай
палове XVII ст. Ян Казімір Пашкевіч напісаў анталягічны вершык “Польшча
квітнее лацінаю, Літва квітнее рушчызнаю”. Словамі такога кшталту называлі
звычайна розныя зборныя зьявы – краіну, як у прыкладзе зь Нямеччынай ці
Вугоршчынай або войска, як у выпадку з казаччынай ці рэкруччынай. Уласную
радзіму або спадчыну беларусы называюць Бацькаўшчынай. У беларускай мінуўшчыне
хаваецца наша старасьвеччына. Беларушчына ў гэтым шэрагу прыкладаў
абазначае родную мову. “Чаго вам хочацца панове? Які вас выклікаў прымус
забіць трывогу аб той мове, якой азваўся беларус?” – пісаў Янка Купала
ў вершы “Ворагам беларушчыны”.
Згаданая словаўтваральная мадэль нейкі час адчувала на сабе моцны польскі
ўплыў. Менавіта ў міжваенныя гады, за польскім часам, беларускія вёскі
Татаршчына і Каралеўшчына сталі Татаршчызнай і Круляўшчызнай, як яны называюцца
і сёньня. Што да беларушчыны, дык яна не перайначваецца на іншамоўны
лад, бо існуе і можа існаваць толькі ў беларускай мове. Гэта наша з вамі
ўнутранае слова, інтымнае.
Сяргей Дубавец
Самае папулярнае
1