Калі ў мяне атрымліваецца завітаць у мястэчка Сьвіслач, дзе я нарадзіўся
і сталеў, то бацька зазвычай сустракае мяне словамі: "Беларус прыехаў!"
Ён ня кажа: "сын", "пісьменьнік", урэшце -- "мянчук". Усё астатняе ня
ёсьць для яго вартае ўвагі адметнасьцю раўнуючы з тым, што я -- беларус.
З гэтага вітаньня я трохі злуюся. І часта мне карціць запытацца: "А
ты сам, што, зь неба зваліўся? Ці ж не такі ты самы беларус, як і я?" Але
не пытаюся, бо разумею, што бацька мае рацыю.
Рэч у тым, што азначэньне "беларус" у нас найперш адсылае да палітычнага
выбару чалавека, творчага амплуа, экзатычнае мовы, і з гэтага -- адметнага
спосабу мысьленьня й ладу жыцьця. А толькі потым -- да нацыянальнае прыналежнасьці.
Быць беларусам у Беларусі -- гэта значыць сьвядома выключыць сябе з
нормы й праз уласную волю выконваць для кагосьці ролю місыянэра, а для
кагосьці -- блазна.
Нават сам зварот да беларускага слова ў Беларусі ёсьць адначасна й грамадзянскім
учынкам, і эстэтычным актам.
Ва ўсім сьвеце людзі, размаўляючы на роднай мове, проста размаўляюць.
У нас -- зусім інакш. Кожны раз, калі на людзях мы нешта кажам па-беларуску,
то мы ня проста гамонім, а як бы ладзім мастацкі пэрфоманс ці несанкцыянаваную
грамадзянскую акцыю...
Уласна, быць беларусам -- гэта штодня выконваць ролю беларуса ў бясконцым
спэктаклі без пачатку й канца. Гэта -- жыць і памерці на сцэне.
Што й казаць -- незайздросная роля. Але чаму тады яе нехта выбірае ці,
дакладней, чаму адзін беларус выбірае ролю-долю беларуса, а другі праз
усё жыцьцё застаецца тутэйшым, усяго толькі шэраговым месьцічам нейкага
селішча? Ня ведаю. Хаця й шмат пра гэта думаў, бо гэта было думаньне й
пра ўласны лёс.
Бадай, урэшце я зразумеў толькі адное -- не мы выбіраем Беларусь, а
Беларусь выбірае нас.
Валянцін Акудовіч
Самае папулярнае
1