Слова Басовішча зьявілася ці то пад канец 1989, ці то на пачатку
1990 году, калі беларускія студэнты высьпельвалі ідэю фэстывалю беларускай
рок-музыкі ў Гарадку пад Беластокам. Гісторыя неяк не занатавала, хто першы
прапанаваў такі назоў. Але без сумневу можна сьцявярджаць, што слова прынялося
на Беласточчыне адразу. Яно было растыражавана бадай ці не трыма тысячамі
плякатаў з анонсам першага фэстывалю ў ліпені 1990. А пасьля гэтай імпрэзы
стала вядомае і на Беларусі.
Этымалёгія слова даволі простая -- гэта абрэвіятура БАС (Беларускае
Аб'яднаньне Студэнтаў, арганізатар фэстывалю) плюс салідны беларускі канчатак
-овішча. Нехта потым спрабаваў зьвязваць паходжаньне слова з бас-гітарай--маўляў,
на фэстывалі моцна "басуюць", то бок, граюць на "басе", інакш, бас-гітары--але
студэнцкі БАС адкінуў гэткую "народную этымалёгію" як прынцыпова няслушную.
Затое студэнтам спадабаўся калямбур пісьменьніка Ўладзімера Арлова, які
пабачыўшы бурную рэакцыю гарадоцкай публікі на выступы беларускіх "цяжказбройных"
гуртоў "Мроя" і "Ўліс", ахрысьціў фэстываль Бесовішчам.
Басовішча было словам зусім новым, бо называла зусім новую з'яву--беларускую
рок-культуру, пазбаўленую савецкага штампу і расейскамоўнай афарбоўкі.
Гэта была несумненна першая культурная з'ява, у якой і дзякуючы якой беластоцкія
маладыя беларусы знайшлі поўнае духоўнае паразуменьне з пад- і пост-савецкімі
суродзічамі. А таксама адчулі гонар за беларускую культуру перад маладымі
палякамі, якія, пачынаючы зь першага фэстывалю, нязьменна складалі сама
менш палову публікі ў гарадоцкім лесе, дзе йшлі канцэрты.
Бадай ці паўторыцца яшчэ дзе-небудзь такое як у Гарадку, калі сотні
маладых галасоў сьпявалі разам з Касяй Камоцкай, Сяржуком Сокалавым-Воюшам,
Віктарам Шалкевічам песьні пра Беларусь. А таксама пра "Радыё Свабода"
з гуртом "Уліс"...
Ян Максімюк
Самае папулярнае
1