Ходзіць Бай па сьцяне ў чырвоным жупане: "Баіць ці не?"
Карціць жа выгукнуць: "Бай!" Баю ж таго толькі й трэба --
бае сабе ды бае несусьветныя прыдумкі. Ён жа ж гаварун-пустамеля.
А слоўнік вызначае яшчэ дакладней: "Баіць -- вядзьмарыць, гаварыць,
заварожваць". Праўда, ці ня ў кожнай байцы мараль чутная.
Навучае Бай розуму. Мякка сьцеле -- жорстка спаць.
На самрэч, хоць і прыйшло слова байка ад захаду, з польскае мовы,
але ж акрасу прыдбала ўсходнюю. У нас баяў цяпер не пералічыць --
як у Сярэдняй Азіі -- бай на баі сядзіць ды баем паганяе.
Закалыхвае нас, прылюльвае -- баю-бай -- самы вялікі й мудры
Бай у Беларусі.
Дарэчы, байкаю яшчэ ж завецца й мяккая тканіна з прыгладжаным
ворсам. І саматканая спадніца. І маладзёвыя апранкі, падобныя да спартовых
кашуляў.
Здаецца, мы ўсе ўрасьлі ў байкі -- у байкавыя пялюшкі,
коўдры, байкавыя нагавіцы, сукні, ды байкавыя супэрабяцанкі
нашага Бая ў чырвоным жупане.
Ходзіць Бай па сьцяне...
А калі ж ён зваліцца?
Антаніна Хатэнка
Самае папулярнае
1