Можна сказаць "Радзіма-маці" або нават "Айчына-маці", але немагчыма
сказаць "маці-Бацькаўшчына".
"Бацькаўшчына" – слова штучнае. Яно паўстала на пачатку стагодзьдзя,
калі "Радзіма" яшчэ блыталася з "Родзінай", а "Айчына" з "Атчызнай". Але,
ня гледзячы на ўсе высілкі адраджэнцаў, яно так і ня выштурхнула сваіх
канкурэнтаў. Затое набыло нейкі дзіўны статус: канкрэтнае, прыземленае,
нават – крыху страшнаватае.
Для паэтаў, і ўвогуле, для высокага штылю слова "Бацькаўшчына"
задаўгое і ня надта мілагучнае. І таму не выпадкова, што яно набыло сваё
другое дыханьне толькі ў пострамантычную эпоху, гэта значыць у нашыя часы.
Сёньня слова "Бацькаўшчына" з асаблівай асалодаю вымаўляюць беларускія
рокеры, а Кася Камоцкая нават вызнайшала слова "мацькаўшчына", як адказ
на закладзеную ў слове полавую дыскрымінацыю.
"Бацькаўшчына" найлепш гучыць з крыху гіранічнай інтанацыяй.
І з 1994 году, са зьяўленьнем першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, гэтая
інтанацыя пераважае. Зрэшты, усё натуральна: "дзеткі-грамадзяне" любяць
"маці-Радзіму" і пабойваюцца "бацьку" з нашай і ягонай "Бацькаўшчынай".
Ігар Бабкоў
Самае папулярнае
1