Некалі ў мяне быў сябар – карачаевец Махці. Сталін высяліў ягоны народ
у Казахстан. Махці нарадзіўся і сталеў сярод стэпавых прастораў.
Калі карачаеўцам было дазволена вярнуцца на радзіму, хлопец ня змог
застацца з суайчыньнікамі – пасярод гор і далінаў ён пакутваў на алергію.
У мяне алергія на Бацькаўшчыну, – неяк з сорамам прызнаўся Махці.
Я кожны раз згадваю сябра, калі бачу, як блага робіцца якому чалавеку
ад пачутага беларускага слова, ад пабачанага бел-чырвона-белага сьцягу
ці гэрбу Пагоня. Я гляджу, як ён смыкае вуснамі, шчэрыць зубы, курчыцца
целам, і з жалем думаю – гэты чалавек хворы, у яго алергія на Бацькаўшчыну.
Хворы на алергію варты жалю ня менш, чым які іншы хворы. І было
б залішне жорстка ганіць чалавека за нянавісьць да беларушчыны, калі яна
чыніць яму адныя пакуты. Таму я зусім ня маю намеру кагосьці ўпікаць, а
тым болей абражаць.
Мяне ў гісторыі гэтай адмысловай немачы хвалюе іншае. Калі Махці казаў
пра сваю хваробу, дык ягоныя вочы мільгацелі сорамам. А чаму тады ў нашых
людзей, якія маюць алергію на Бацькаўшчыну, вочы мільгацяць нянавісьцю?
Валянцін Акудовіч
Самае папулярнае
1