Тонкія далікатныя паперыны шырынёю з даланю бабуля загортвала ў кужэльны
бялюткі лахман і клала на таемнае дно куфра. Туды, дзе яна хавала фотакарткі
сыноў, што згінулі ў войнах і хатулёк з апранкаю, якую звала сьмяртэльнай.
Да куфра не даступіцца -- там жывуць лёс і надзея. Ключ ад маленькага
кулачка-замочка бабуля носіць запазухай, нанізаным на адную ніціну з крыжыкам.
Час ад часу яна адмыкае ў цішыні сваю скарбніцу, дастае пацьмянелыя
здымкі й невідушча ўглядаецца ў мінуласьць. Затым, быццам для раўнавагі,
выцягвае зь цёмнага закутку перацяты паўразом скрутак і замілавана разгладжвае
зяленавата-шэрыя паперы, падобныя да грошай. Усьміхаецца, распавядае, як
будзе хораша, калі нехта добры й праўдзівы верне ёй пазыкі, ды яшчэ й зь
ліхвою. І ўсе спадзяваньні вось на гэтыя тонкія, здецца -- хрусткія, лісьціны,
што сымбалізуюць праведнасьць дзяржавы.
Доўга зьберагаліся ў хаце аблігацыі калі бабуля ўжо была высока, над
сваімі спадзевамі.
Ейная праўнучка дала скурчаным у трубачку паперам сваё назьвіста --
абылгацыі. І пусьціла іх аднойчы на вецер -- палётаць. Вырваўшыся на волю,
яны ўздымаліся й замаруджана падалі.
Няспраўджаныя мары, нязбытная вера. Недачаканая адплата. Папяровы заём
людзкога даверу.
Абылгацыі.
Антаніна Хатэнка
Самае папулярнае
1