І вось калі пачалася вайна, склалося так, што ўся сям’я была раскіданая. Маці мая – у летніку пад Мар’інай Горкай, адкуль трапіла ў эвакуацыю ва Ўральск, бабка з малодшай дачкой заставалася ў Менску, а дзед – пад Каўнасам у Доме творчасьці. Ясна, што з такім паслужным сьпісам рабіць пад акупацыяй у Менску яму не было чаго, і ён выбраўся ціхенька пад Барысаў у вёску да сваёй маці. Схаваўся на паддашшы, і брат прыносіў яму з запалкавай фабрыкі вялікія неразрэзаныя этыкеткі ад запалак, і на іх ён пісаў гістарычную п’есу “Барбара Радзівіл” пра 16 стагодзьдзе.
Ну ясна, што так доўга хавацца ў вёсцы немагчыма, і аднаго дня прыйшлі барысаўскія паліцыянты ў хату і кажуць: “Перадайце калі ласка спадару Клімковічу, што яго на заўтра чакае ў сябе бургамістар Барысава”. А тады бургамістрам быў Станкевіч. Гэта прапанова, ад якой адмовіцца практычна немагчыма.
Назаўтра дзед надзеў стройчык, гальштук, капялюш і прыходзіць да Станкевіча. Той пытаецца:
– Чым зараз займаецеся, спадар Клімковіч?
– Пішу, – кажа, – гістарычную п’есу.
– Цудоўна, – кажа Станкевіч, – мы якраз арганізуем у Барысаве тэатр,
будзе, што ставіць на прэм’еру.
Дзед кажа:
– Разумееце, спадар Станкевіч, у мяне дачка ў эвакуацыі. Што будзе зь ёй, калі пойдзе п’еса? Я не магу пайсьці на гэта.
Станкевіч кажа:
– Канешне, разумею. Не выпадае супрацоўнічаць. Тады адзінае, што магу прапанаваць, гэта – ідзеце да партызанаў (да іх лётаюць самалёты з Масквы), перакажыце нашую размову, і тады яны Вас пераправяць у Маскву, бо далей ужо я Вас ахоўваць не змагу.
Дзед падзякваў, хацеў сысьці, а той кажа:
– Толькі капялюш, калі ласка, пакіньце.
Дзед вярнуўся, і сапраўды ўсё так і здарылася. Пайшоў да партызанаў, дамовіўся, што яго і бабулю пераправяць у Маскву, і зьляцелі адной ноччу.
А ў тую ж самую ноч Станкевіч паслаў на балота барысаўскіх паліцыянтаў, і тыя прастрэлілі некалькі разоў дзедаў капялюш і сказалі, што, нібыта, калі Клімковіч уцякаў да партызанаў, яны стралялі… Ужо для немцаў была адмазка. І вось толькі прастрэляны капялюш…
Так сустрэліся ў Маскве ў адзін дзень і мая маці, якая прыехала, і мой дзед, мая бабуля, цётка. Усе сустрэліся ў адзін дзень.
Вось такая амаль калядная гісторыя 42-га году пра беларускае калябаранцтва.
Максім Клімковіч