Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Калі я быў студэнтам філфаку Белдзяржунівэрсітэта, мне запомніўся адзін выпадак. Справа ў тым, што маё прозьвішча – Чыгрын, і вакол яго было вельмі шмат прыгод.

І вось адна такая прыгода запомнілася мне надоўга. Справа ў тым, што аднойчы на лекцыі Яўгена Міхайлавіча Камароўскага я чыхнуў. І ў мяне была такая звычка, калі чыхну, казаць самому сабе: каб ты здох, сабака. І вось, седзячы ў яго на лекцыі, я раптам чыхнуў і сам сабе кажу: “Каб ты здох, сабака”. А Яўген Міхайлавіч, хоць трошкі быў глухаваты, але пачуў, што я сказаў, падыйшоў да мяне і папрасіў пакінуць аўдыторыю. Ён падумаў, што гэта я сказаў так на яго.

Больш на лекцыі да Яўгена Міхайлавіча Камароўскага я не хадзіў.

Наступіў час экзаменаў. Але дагэтуль ён заўсёды папярэджваў усіх студэнтаў, што вось Чыгрынаў мне ніколі экзамен ня здасьць, а калі здасьць, дык атрымае не вышэй як двойку.

Прыйшоў час экзаменаў. Праўда, я добра рыхтаваўся, заходжу ў аўдыторыю, выцягваю свой білет, саджуся на першгую парту і рыхтуюся. Ён хуценька папярэдніх студэнтаў апытаў і пасадзіў мяне.
Я яму першае пытаньне адказаў, другое пытаньне ўжо не адказваў.

Ён дастае сьпісачак і кажа: “Ах, Чыгрынаў-Чыгрынаў, разумны ты хлопец, але вось ганьбіш свайго бацьку. Бацька ж у цябе – знакаміты празаік, напісаў такія цудоўныя раманы: “Плач перапёлкі”, “Апраўданьне крыві”, а ты яго ганьбіш. Хацеў бы я табе паставіць пяцёрку, але не магу. Вось пастаўлю табе чацьвёрку”.

Я думаю, ну чацьвёрка дык чацьвёрка, узяў залікоўку і выйшаў. Думаю сабе, які Іван Чыгрынаў мой бацька, мой бацька – просты рабочы, жыве ў Слоніме, а ён пераблытаў яго з Іванам Гаўрылавічам Чыгрынавым!

Пазьней, калі я надрукаваў першую рэцэнзію ў “ЛіМе”, Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў званіў Івану Чыгрыну і кажа: “Слухай Іване, нешта яшчэ зьявіўся адзін Чыгрын, адкуль яны бяруцца?” А Іван Чыгрын кажа: “Чаго ты хвалюесься, Іване, у Расеі шмат Талстых – і ўсе клясыкі”.

Калі я пазнаёміўся з Іванам Гаўрылавічам Чыгрынавым і расказаў пра Камароўскага, ён вельмі доўга сьмяяўся.

Іван Чыгрын, Слонім

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG