Гэта было ў 1984 годзе, калі я ўжо сканчваў Інстытут тэатральна-мастацкі.
Тады ўжо надыходзіў час абароны дыплёму, і ў гэты адказны момант нас набіралі
ў войска.
Адбывалася гэта ў ваенкамаце Савецкага раёну Менску. Таварыш маёр рабіў
гэты набор, ставіў усіх “па стойцы сьмірна”. Гэта было сьмешнавата пазіраць
на хлопцаў пасьля 10-х клясаў. Але дайшла чарга й да нас. Калі я падняўся
і пачаў адказваць на ўсе пытаньні па-беларуску, маёр сказаў, што ён загадвае
мне адказваць выключна на расейскай мове. Я запытаўся, чаму. А маёр пачаў
казаць: “Я не разумею”.
Пасьля тарымалася так, што мой сябра Рыгор Панцелееў выконваў ролю перакладчыка
зь беларускай на расейскую і наадварот – для мяне.
Дайшло да таго, што таварыш маёр сказаў, што я першы пайду на Расею
зь вілкамі, пра што я змаўчаў. А калі ён сказаў, што мае бацькі яшчэ пашкадуюць,
што нарадзілі сына, я не стрымаўся.
Я паведаміў, што не дарую яму гэтых словаў. Як я мог адпомсьціць? Па
наіўнасьці я пайшоў да камісара Ваенкамату і ў пісьмовай форме гэта ўсё
выклаў. Хлопцы мае падпісаліся, але я, канешне, сур’ёзна гэтага не ўспрымаў.
І вось, ужо пасьля абароны дыплёму, калі мы з хлопцамі стаялі на вайсковым
пляцы, калі набіралі нас у цэнтральным ваенкамаце, а пры гэтым маёр яшчэ
паабяцаў, што я буду служыць далёка на поўначы, дзе белыя мядзьдзьведзі,
дык вось, пастаялі на пляцы цэлы дзень, да нас падыходзяць у марской форме
капітан з сэржантам і набіраюць групу такую. Самых апошніх.
Мы сказалі, што, нарэшце, “даскакаліся”, будзем служыць ня год, а паўтара.
І на флёце. Але, не пасьпеўшы выехаць далей за межы Ўкраіны, як мы ўжо
зразумелі, што ня так ужо і добра выконвае свае абяцаньні таварыш маёр,
бо, па-першае, служыць мы будзем не на караблі, а ў берагавой ахове.
Неўзабаве нам далі цэлую казарму – пад майстэрню. І ў нас пяцёра чалавек,
цэлае аддзяленьне, мы рабілі там клюб, фантан. Мы былі задаволеныя. Мы
схадзілі ў адпачынак. Мне ўдалося нават два разы – адзін, калі нарадзілася
дачка, а другі – гэты фантан.
Вось у другі раз, калі я быў у Менску праездам, я зайшоў у сталоўку
побач з ваенкаматам, і там за адным столікам я сядзеў з вайскоўцам. У тым
вайскоўцу я пазнаў капітана з ваенкамату, які прысутнічаў пры ўсіх падзеях.
Калі абед скончыўся, я спытаўся ў яго, як пачуваецца таварыш маёр. А
капітан адказаў, што маёра даўно-даўно выгналі. І дадаў: “І правільна зрабілі”.
І мне стала вельмі-вельмі прыемна.
Сяржук Цімохаў, Менск
Самае папулярнае
1