– Распавяду гісторыю пра тое, як я стаў дысідэнтам. Ну, дысідэнтам – не
дысідентам, але пасьля гэтае гісторыі неяк зразумеў, у якой краіне жыву.
Тады, у 1967 годзе, мне было 20 гадоў, я вучыўся ў Тэхналягічным інстытуце
і быў хлопцам цалкам апалітычным. У сучасным сэнсе тады апалітычнымі чамусьці
называлі «антысаветчыкаў». А мяне ўвесь гэты палітычны тэатар навогул не
цікавіў, я захапляўся сапраўдным тэатрам, мастацтвам… дзяўчатамі, зразумела.
На нашым курсе я быў завадатарам і мне ўвесь час даручалі рабіць тэатралізаваныя
імпрэзы да розных афіцыйных і неафіцыйных сьвятаў.
І вось надыходзіць 1967 год – 50-я гадавіна кастрычніцкай рэвалюцыі.
Выклікаюць мяне ў дэканат, сядзяць дэкан, парторг факультэту, кажуць: «Хашчавацкі,
адказная справа, на юбілей трэба падрыхтаваць ўсё на належным палітычным
узроўні». А парторг дадае: «Глядзіце, ад першакрыніц – ні на крок». А я
па гісторыі КПСС больш за «тройку» ніколі не атрымліваў…
Што рабіць? Пайшоў ў бібліятэку, пагартаў чырвоныя тамы твораў клясыкаў.
Неяк сумна. Гляджу, ў нейкім кутку стаіць велічэзны том – стэнаграма 10-га
зьезду партыі, таго самага, на якім забаранілі апазыцыю. Пагартаў – Шэкспір,
Рычард ІІІ! Якія жарсьці, як яны там жэрлі й тапілі адзін аднаго. Як павукі
ў слоіку.
Нават майго тагачаснага досьведу рэжысэра-пачаткоўца хапіла, каб зрабіць
з гэтага якаснае відовішча. Нарэзаў я выступы гэтае ленінскае гвардыі,
раздаў рэплікі сваім выканаўцам.
Што пачалася пасьля сьвята…
Парторг крычыць: «Антысавецкая правакацыя», у раённым камітэце – разьбіральніцтва…
Ледзь зь інстытуту ня выключылі. Дэкан адстаяў.
Надыходзіць 1968 год, той самы, калі савецкія танкі раздушылі «Праскую
вясну». Мне ізноў рабіць нешта ўрачыстае. Ізноў выклікаюць «на дыван».
Дэкан, навучаны горкім досьведам, кажа: «Хопіць, гэтым разам – аніякіх
першакрыніцаў».
Ня трэба – дык ня трэба, мне ж лепш. Для сьвята ўзяў я зборнік вершаў
«Чорная скарбонка» паэта й драматурга Людвіга Ашкеназі, які мне вельмі
падабаўся. Шчыра скажу, я тады неяк нават і ня ўспрымаў, што савецкія войскі
ўвайшлі ў Чэхаславаччыну і што там адбывалася.
І вось у верасьні 1968-га праходзіць на факультэце мая вечарына паводле
вершаў Ашкеназі. І мінулагодні скандал падаецца жарцікамі…
Я ж ня ведаў, што Ашкеназі быў адным з актыўных дзеячаў «Праскае вясны»,
што выступіў супраць савецкага ўварваньня і ў рэшце рэшт зьехаў на Захад.
Апынуўся, як тады казалі, на іншым баку барыкадаў. Я ж нічога гэтага ня
ведаў, але мне гэта не дапамагло.
Зь інстытуту мяне выгналі з трэскам, потым працаваў грузчыкам. Тады
і зразумеў, у якой краіне жыву…
Юры Хашчавацкі
Самае папулярнае
1