За ўсё маё доўгае жыцьцё мне давялося перажыць шмат чаго і добрага, і дрэннага,
але было некалькі падзеяў, якія застануцца назаўсёды ў маёй памяці, бо
яны цалкам зьмянілі маё жыцьцё. Адным з такіх жахлівых мамэнтаў быў у 1936
годзе мой і маёй маці арэшт.
Я якраз скончыла мэдычны інстытут і рыхтавалася да працы, але вось бяда
прыйшла і ў наш дом. Раз вечарам да нас прыйшлі два мужчыны ў форме НКВД
з ордэрам на ператрус і на арэшт мяне і мамы. Мы вельмі ўсе хваляваліся,
і я ніяк не магла зразумець, што гэта робіцца, бо ніякай віны за сабой
не адчувала. Пасьля ператрусу нас з мамай пасадзілі ў закрытую машыну з
кратамі, якую ў народзе празвалі “чорным воранам”, і павезьлі ва ўпраўленьне
НКВД на Валадарскай вуліцы.
Мяне і маіх сяброў абвінавачвалі ў антысавецкай агітацыі і слуханьні
Радыё ВВС, а маму абвінавачвалі ў тым, што яна ведала, чым мы займаемся
і не данесла на нас. Мне далі тры гады лягеру, а маме – адзін год за неданос,
і павезьлі ў таварным цягніку: маму – на Далёкі Ўсход, а мяне – у Сібір.
Мы ехалі так цэлы месяц.
У 39 годзе, калі я ўжо выйшла з лягеру, дадому, да Менску, я ўжо не
магла вярнуцца, бо не было дазволу. І я паехала ў горад Манцігорск. Нечакана
да мяне прыехала мама. Ёй не дазволілі жыць у Менску, а пасьля ёй далі
дазвол вярнуцца дадому, і бацька яе забраў. Апошні раз мы бачыліся зь ёй
у 40-м годзе, а ў 41 годзе нас надоўга разлучыла вайна, і я нават ня ведала,
ці засталіся яны жывыя.
Другой, ужо шчасьлівай, падзеяй быў першы ліст ад маёй сястры, які я
атрымала праз 13 гадоў пасьля вайны, і даведалася, што ўсе мае родзічы
– сястра з бартам і з дзецьмі, мама – засталіся жывымі і жывуць у Амэрыцы.
Я вельмі цешылася, калі атрымала ад маёй сястры запросіны. І толькі
ў 1970 годзе атрымала дазвол і ўжо не памятаю, як села ў самалёт: як мы
сустрэнемся, што будзем гаварыць, бо трыццаць гадоў мы ня бачыліся?
І вось Ню-Ёрк. На лётнішчы я адразу пазнала сустракаючых мяне сястру,
брата, пляменьніцу. Калі мы пад’ехалі дадому, у дзьвярах стаяла мая маці,
маленькая худзенькая старушка, але такая знаёмая, родная. Без сьлёз не
абыйшлося.
Марыя Чэпелёва
Самае папулярнае
1