Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Было гэта летам 1943 года. Мне – 5 гадоў. Мінулай восеньню прайшла блякада, мы ўсе спаленыя – нашыя хутары. Гэта на Мядзельшчыне. Жывем у невялікай лазьні, якая ацалела ў сеседзяў, на суседнім хутары. Нашая зона лясная, фактычна, партызанская. Да Мядзела, да цэнтра, дзе гарнізон, – 10 кілямэтраў. Але побач даволі бойкая дарога, шлях такі, і днём часамі зазірае паліцыя, а ноччу – партызаны.

Мы былі сям’я такая прапартызанская, прасавецкая. Бацька быў разьведчыкам партызанскім, падпольным, а начальнікам партызанскай разьведкі атраду быў яго родны пляменьнік. Ну і пікантная сытуацыя ў тым, што сусед, у лазьні якога мы жылі, быў у гэты час ужо начальнікам мядзельскай паліцыі. І ўвогуле, бацька, які ведаў усіх у раёне, ведаў натуральна большасьць паліцыі, бо гэта былі свае мядзельскія хлопцы, ну і значную частку партызанаў ведаў, якія былі не з усходу, а мясцовыя.

І вось аднойчы днём заяжджаюць да нас паліцэйскія. Пасядзелі ў нас у хаце, пагутарылі, пакруціліся вакол хаты, паселі на коні ды паехалі. І тут бацька, як убачыў, што яны схаваліся за бліжэйшымі дрэвамі, расшпіляе дзяжку, дастае папружку і пачынае мяне лупіць няшчадна.
Я ў страшэнны лямант: “За што б’еш, тата?” “Як за што?” І мне пад нос падсоўвае нямецкі часопіс. Якім чынам ён трапіў у нашую хату, у нашую лазьню, я ня ведаю, але там былі такія глянцавыя прыгожыя малюнкі, ня якіх ланцуг нямецкіх’ салдатаў у касках і з аўтаматамі… А я ведаў, што такое вісельня, і над кожным зь іх намаляваў вісельню, і кожнага з гэтых нямецкіх салдат і афіцэраў павесіў. Намаляваў.

І паліцэйскі ўбачыў гэты часопіс, седзячы ў нас у лазьні, стаў гартаць і ціха кажа бацьку:

– Міхалюк, ты бачыш, што такое? Немцы ўбачылі б, і вас усіх растралялі б. Тут жа. Не выводзячы з гэтай лазенкі. Спалі гэты часопіс.

Паліцыя паехала, бацька за дзяжку, за папружку, і так ён выклаў мне першы ўрок кансьпірацыі і палітычнай абачлівасьці.

Міхась Чарняўскі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG