Пра Максіма Такушэвіча цяпер ужо шмат хто ведае. Ну а я, як чалавек, які
якраз разьбіраецца ў музычных інструмэнтах (я шмат вывучаў гэтыя пытаньні),
скажу толькі, што гэта, безумоўна, быў самы лепшы майстар па цымбалах у
Беларусі за апошнія поўстагодзьдзя.
А ўпершыню, як прыехаў да Максіма Такушэвіча ў сьнежні 87-га году, у
вёсцы Ўланаўшчына мне паказалі на бэз на ўзгорку праз невялічкае поле і
сказалі, што вось як дайду да гэтага высога старога бэзу, убачу сядзібу.
Калі прабраўся праз глыбокі сьнег, дабраўся да гэтага бэзу, убачыў самога
Максіма. Гэта быў велізарнага росту чалавек, шырачэзны ў плячох, ну сапраўдны
волат! І ня толькі волат – ён быў вельмі майстравіты чалавек, і ня толькі
па цымбалах. Ён майстраваў шмат чаго. Для тых жа цымбалаў нават калкі ён
каваў сам, у яго сядзібе была свая кузьня.
Сядзіба сама была яшчэ бацькаўская, дарэвалюцыйная, і яна стаяла адна
на гэтым узгорку. Ужо ўлетку я ўбачыў, што каля сядзібы праходзіць брукаваная
вуліца з вельмі добрым, але ўжо зарослым брукам. І больш нічога – адна
сядзіба.
А як гэта здарылася? Гэтую вёску ў свой час абвесьцілі непэрспэктыўнай.
Гэта значыла ў тыя савецкія часы, што яна падлягае зносу і расьсяленьню.
Расьсялілі ўсіх, застаўся толькі Такушэвіч – ён быў усё ж ветэран Другой
сусьветнай вайны, чалавек заслужаны, з мэдалямі, і ня ведалі проста, як
да яго падыйсьці. Нарэшце, да яго падыйшлі ўсім начальствам, як кажуць,
і прапанавалі выключныя ўмовы. Выбірайце – або хата ва Ўланаўшчыне або
кватэра ў Красным. Ён, выслухаўшы ўсе гэтыя прапановы, падняўся і сказаў:
“А ці для таго я зь немцамі ваяваў, каб мяне свае ж з бацькоўскае хаты
выгналі”. І выгнаў усё гэтае начальства з хаты.
Так і жыў без электрычнасьці, без нічога, і ніхто яго болей чапаць не
пасьмеў. Гэтую сядзібу зьнесьлі толькі пасьля ягонае сьмерці.
Уладзімер Бербераў
Самае папулярнае
1