Гэта было вясною ў 1965 годзе. Я памятаю год, бо мы якраз перабраліся на
новую кватэру. Быў цудоўны дзень, а нашыя дзеці заўсёды, як прыходзілі
са школы, стараліся хутчэй адрабіць хатняе заданьне і бегчы на вуліцу,
каб пагуляць каля будынкаў, каб пабегаць ды пабачыцца з сябрамі. Я звычайна
выглядала ў вакно, каб праверыць, ці ўсё ў парадку. І раптам заўважыла,
што малодшага сына, Данчыка, нідзе няма, а старэйшы гуляе ў бэйсбал. Я
думала, што ён недзе адыйшоў крыху далей і хутка вернецца, але дарма –
яго не было.
Тады я пачакала якіх 10 хвілін і выйшла на вуліцу. А ў Нью-Ёрку, як
і ва ўсіх вялікіх гарадах, звычайна вельмі часта прападаюць дзеці. Бываюць
выпадкі такія, што розныя злачынцы або тыя, што ня маюць дзяцей, крадуць
для сябе, і пазьней вельмі цяжка знайсьці. Вось таму я страшэнна напалохалася.
Пыталася ўсіх – ніхто яго ня бачыў. Тады мы ўсе пачалі шукаць і ніяк не
маглі яго знайсьці. Гэта трывала, відаць, цэлую гадзіну. Я ўжо сабе ўяўляла
найгоршыя рэчы.
Урэшце мне параілі пазваніць на паліцыю. Тады я хутчэй пабегла ў кватэру,
але перад тым, каб патэлефанаваць, я не памятаю чаго забегла ў спальню.
І што вы думаеце? На ложку спакойна спаў мой сын Данчык. Відаць вясьняная
пагода вельмі на яго падзейнічала, што ён, выйшаўшы на вуліцу, незаўважна
вярнуўся назад і бухнуўся на ложак. Гэта быў самы шчасьлівы момант у маім
жыцьці, які назаўсёды застаўся ў памяці.
Юлія Андрусышына
Самае папулярнае
1