Маё ўражаньне ад сустрэчаў з Забэйдам, хай мімалётных, у 60-х гадах, яшчэ
з часоў студэнцтва, асьпіранцтва, пакінула значны сьлед. Мяне цікавіла
і сама асоба музыканта-сьпевака, і прозьвішча незвычайнае – Забэйда-Суміцкі.
Чаму такое падвойнае прозьвішча?
Мы, тады яшчэ студэнты, мала ведалі і чулі пра Забэйду-Суміцкага, і
нам неяк на лекцыі абвесьціў Іван Навуменка, што быў такі мастак песьні.
Ён расказваў нам, што гэта славуты беларускі сьпявак, якога так любілі
за цудоўнае выкананьне беларускіх песьняў.
І раптам мы пачулі, што сам Забэйда-Суміцкі прыяжджае ў Менск. І аднойчы,
ідучы ва ўнівэрсытэт, я сустрэў групу студэнтаў з малодшых курсаў, якія
паведамілі: Забэйда дае канцэрт. Але дзе, мы ня ведалі. У Тэатры Янкі Купалы
– няма, кажуць, мусіць, ў філярмоніі. Але мы ня былі б студэнтамі, калі
б не знайшлі. І знайшлі мы Забэйду ў кансэрваторыі.
Слухаючы яго песьні, непасрэдную, шчырую беларускую гаворку-споведзь
– ён сам вёў канцэрты, не дазваляў нікому; ён расказваў пра сябе, пра песьню
– мы трапілі ў палон яго песьні.
Ён адразу быў паехаў па Беларусі, і мы з нецярплівасьцю чакалі ягонага
вяртаньня і новага канцэрту.
У той час мы былі ў Ракаве ў нашага лепшага сябра, у Славы Рагойшы,
назьбіралі ў жытнім полі снапок валошак, прывезьлі ў Менск, перавязалі
вышываным паяском. Потым мы, трое хлопцаў – я, Рагойша ды Пашкевіч – паднесьлі
Забэйду гэтыя кветкі ды фатаграфію, якая была зробленая ў кансэрваторыі
падчас першага канцэрту.
Ёсьць у маім архіве паштоўка, якую я атрымаў 8.1.64 г., дзе ён шчыра
дзякуе за віншаваньні, фатаграфіі, жадае нам многа-многа шчасьця ў новым,
1964 годзе, і вельмі будзе рады, калі сустрэнецца з намі на Радзіме.
Леанід Акаловіч
Самае папулярнае
1