Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго меў на ўвазе Статкевіч?


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

У сваім лісьце з-за кратаў экс-кандыдат у прэзыдэнты, палітвязень Мікалай Статкевіч сьцьвярджае, што некаторыя экс-кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году патрабавалі ягонага прэвэнтыўнага арышту перад 19 сьнежня. Як камэнтуюць гэта іншыя ўдзельнікі мінулай прэзыдэнцкай кампаніі?

Мікалай Статкевіч спасылаецца на паказаньні аднаго кандыдата, якія былі ў ягонай судовай справе. Гэты кандыдат за некалькі дзён да вулічнай акцыі зьвярнуўся да падпалкоўніка міліцыі, каб той перадаў начальству, што Статкевіча трэба арыштаваць да 19 сьнежня. Як гаворыцца ў лісьце палітвязьня, у справе ёсьць пацьвярджальныя паказаньні таго падпалкоўніка. Статкевіч не выключае, што гэта быў не адзіны кандыдат, які патрабаваў яго прэвэнтыўнага арышту.

Экс-кандыдат Алесь Міхалевіч кажа: цалкам можна сабе ўявіць, што менавіта так усё і было.

Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч
«Што да мяне асабіста,то я ня быў на судовых пасяджэньнях. Таму я дакладна ня ведаю, хто гэта такія рэчы мог казаць і ў чыіх гэта было паказаньнях. Я ня браў удзелу ў арганізацыі Плошчы і быў там проста як адзін з удзельнікаў. Я ўпэўнены, што так званы разбор палётаў трэба рабіць. І зразумела, гэта яшчэ будзе агучана, пасьля таго, як Мікалай Статкевіч будзе на свабодзе. Думаю, што цяпер Статкевіч гэта агучвае ў сувязі з тым, што мае троху палёгку ў камунікацыях. Раней ён быў фізычна ізаляваны і ня мог такія рэчы ўздымаць».

Што хаваецца за словамі Статкевіча, экс-кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў не зразумеў.

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў
«Тут цяжка камэнтаваць. Выйдзе — зьбяромся, пагаворым. Будзе прасьцей расставіць кропкі. Ну, а пакуль, тым больш калі ён сядзіць у турме, тут вельмі складана на гэтую тэму гаварыць. Ад розных людзей на ўзроўні чутак да мяне даходзіла інфармацыя, каб мяне перад Плошчай затрымаць. Таму мы проста ў той час прынялі меры перасьцярогі і паасобку дабіраліся да Плошчы. Ва ўсякім разе, не было праблемаў дабрацца да Плошчы».

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Яраслаў Раманчук сказаў, што цягам кампаніі не сутыкаўся ні зь Някляевым, ні са Статкевічам, ні з Саньнікавым:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук
«Тыя рэчы, якія існуюць паміж Някляевым, Саньнікавым і Статкевічам, няхай яны высьвятляюць паміж сабой. Перш за ўсё, каб людзі ведалі праўду. Вось гэтай праўды, два гады мінула, бракуе. Паміж гэтымі трыма кандыдатамі і трэба гэтую праўду шукаць. Каб тыя людзі, якія рабілі хібы, панесьлі адказнасьць. А хавацца за нейкімі дамоўленасьцямі, „мы паразмаўляем“, — гэта вельмі слабая пазыцыя».

Віктар Цярэшчанка таксама нічога ня ведае пра кандыдата, які мог прасіць прэвэнтыўнага арышту Статкевіча:

Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка
«Мікалая Статкевіча многія гады ведаю як таленавітага, высокай культуры, адукаванага чалавека. Яго вылучэньне ў кандыдаты разглядаў як дастойную кандыдатуру. Што да яго выказваньняў, — магчыма, гэта адносіцца да факту, які мае ці ня мае месца. Мне гэта невядома».

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Дзьмітрый Вус перасьцерагае ад скарасьпелых высноваў:

Дзьмітрый Вус
Дзьмітрый Вус
«Ён цяпер у турме, і там вялікая цэнзура. Пакуль ён ня выйдзе і сам гэтага ня скажа, я ў гэта не паверу. Бо гэтыя людзі, якія цяпер ля ўлады, здольныя на ўсё. Цэнзура. Мае некаторыя лісты не прапускаліся. Яны прапускаюць тое, што ім выгадна, і тое, што яму ўводзяць у вушы. Ён поўнасьцю ізаляваны. На гэтым этапе чалавек ня можа валодаць аб’ектыўнай інфармацыяй. Пакуль ён ня выйдзе і не агучыць, ня варта нават гэтаму вялікай увагі надаваць. Можна такіх дроў наламаць. Можа, гэта некаму і выгадна, каб наламалі».

Віталь Рымашэўскі кажа, што пытаньне, узьнятае Статкевічам, важнае і актуальнае. І неабходна шчырая, сур’ёзная размова пасьля вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі
«Асноўнае пытаньне, якое задае Статкевіч, — трэба сур’ёзна абмеркаваць тое, што адбылося на Плошчы, пасьля Плошчы і напярэдадні. Няма нічога таемнага, што ня стала б вядомым. Мне вядомыя некаторыя рэчы з паказаньняў, зь якімі я знаёміўся, з матэрыяламі іншых кандыдатаў, якія трапілі дзіўным чынам у маю справу. Многія рэчы мусілі быць агучаныя ўжо даўно. Але з-за таго, што людзі знаходзяцца за кратамі, іх агучваць немагчыма. Але калі высноваў не рабіць, то падзеі будуць паўтарацца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG