Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Новым годам. З новымі цэнамі


http://app.sliderocket.com:80/app/fullplayer.aspx?id=CC027E6A-F908-7F06-224D-EFC7DF508E0D

Ад 1 студзеня тарыфы на цяпло і гарачую ваду павялічацца на 5%, на электраэнэргію — у сярэднім на 9,5%. Вырастуць тарыфы і на прыродны газ. А пачатак цыгарэт падаражае прыкладна на 2 тысячы. Павышаюць кошты апэратары мабільнай сувязі, інтэрнэт-правайдэры.

У Беларусі стала ўжо традыцыяй — з Новага году павышаць цэны. Эканаміст Міхал Залескі ставіцца да гэтага па-філязофску:

Міхал Залескі
Міхал Залескі
«У старажытным Рыме казалі, што трэба плебсу паказаць адсечаныя галовы і адчыніць хлебныя склады. Была зьнята адпаведная колькасьць дырэктараў — дастатковая, каб задаволіць масы. Павышана тарыфная стаўка першага разраду — на 6,7%. А ўсё астатняе — гэта дробязі. Насельніцтва радасна сустракае новы год. І я, як прадстаўнік гэтага плебсу, таксама».


Кіраўнік Тэатру сатыры і гумару «Хрыстафор» Яўген Крыжаноўскі кажа, што Беларусь — не выключэньне, у іншых краінах таксама ўсё даражэе:

Яўген Крыжаноўскі
Яўген Крыжаноўскі
«Падарункі на Новы год нічым не адрозьніваюцца ад падарункаў урадаў у разьвітых краінах. Адрозьніваюцца толькі зарплаты, зь якіх гэтыя падарункі трэба аплаціць. Галоўнае толькі — не „перабаршчыць“ з гэтымі падарункамі. Тут трэба мець пачуцьцё меры. І ведаць плянку гэтай меры. І наш урад гэта павінен разумець, каб не „задарыць“ народ у двухкосьсі»

У сярэднім аплата за стандартную двухпакаёўку вырасьце прыкладна на 20 тысяч. Аднак новыя «жыроўкі» людзі атрымаюць толькі ў лютым.

Апошні раз аплата за камуналтныя паслугі даражэла ў жніўні. Тады вырасьлі тарыфы на тэхабслухоўваньне, карыстаньне ліфтам, і таксама на газ і электрычнасьць.

Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімер Сямашка ў кастрычніку паведаміў, што урад мае сур’ёзны намер: у 2016 годзе насельніцтва павінна аплачваць 100% кошту электраэнэргіі. Ён адзначыў, што пры канцы 2012 году грамадзяне Беларусі кампэнсавалі толькі 39,6% кошту электраэнэргіі, 16,8% — цяпла і 29,1% — прыроднага газу. І паступова па ўсіх пазыцыях трэба выходзіць на поўную, стопрацэнтную аплату камунальных паслугаў насельніцтвам. Эканаміст Міхал Залескі выкаазаў такое меркаваньне:

«Вось гэта рэха сацыялізму вядзе да таго, што балюча адбіваецца на тых, хто ўжо бедны. Калі я някепска зарабляю, то гэтыя зрухі па электрычнасьці на мяне мала ўплываюць. Ну, заплаціў крыху болей... Але тыя ж самыя грошы плаціць і чалавек, які атрымлівае мізэр: малады спэцыяліст, калгасьнік, бібліятэкар. Вось гэтыя людзі моцна церпяць».

На думку эканаміста Міхала Залескага, тут яшчэ адна сур’ёзная праблема. Раней ва ўрадзе Беларусі заяўлялі, што ў 2013 годзе ў электраэнэргетыцы пачнецца паступовы сыход ад перакрыжаванага субсідаваньня, гэта павінна прывесьці да выраўноўваньня тарыфаў на энэрганосьбіты паміж прамысловымі спажыўцамі і фізычнымі асобамі. Пазней тэрміны сыходу ад перакрыжаванага субсідаваньня перанесьліся на 2014 год:

«Тут наагул, небясьпечная складваецца сытуацыя: урад змагаецца, каб не было перакрыжаванага субсідаваньня. Не атрымліваецца ніяк. Насельніцтва ўсё не багацее. І тут, наадварот, атрымліваецца такі навес: жыльлёва-камунальныя службы, Міністэрства энэргетыкі, сельская гаспадарка — усё аплецена гэтым перакрыжаваным субсідаваньнем. Пагаршаюцца эканамічныя ўмовы дзеяньня ўсіх гэтых сыстэмаў. І людзям не лягчэй, і эканоміцы цяжка. А пайсьці на рэформы ўсё ніяк не наважацца».

З Новага году цыгарэты падарадаюць прыкладна на 2 тысячы — вырастуць акцызы на тытунь. Абвясьцілі пра павышэньне тарыфаў і інтэрнэт-правайдэры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG