Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто пераломіць? Падсумаваньне


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец
Нагодаю для гутаркі «Хто пераломіць?» стаў заклік Станіслава Шушкевіча да грамадзянскай супольнасьці – гаварыць па-беларуску.

Сапраўды, можна больш нічога і не рабіць, бо адно гаварэньне на роднай мове ў сёньняшняй сытуацыі параўнальнае з подзьвігам, з падзьвіжніцтвам. Зь іншага боку, калі б уся сьвядомая грамада толькі загаварыла па-беларуску, зьмянілася б Беларусь.

Важна сказаць, што гэта ня заклік да ўсяго насельніцтва Беларусі ці да ўсіх беларусаў, а менавіта да грамадзкіх актывістаў. Бо і перамен у краіне дамагаецца звычайна не насельніцтва, а сьвядомая грамада.

На маёй памяці ініцыятыва Шушкевіча – першы падобны заклік палітыка такога рангу. Шмат казалі і кажуць пра патрэбу гаварэньня ў прынцыпе, але так, каб наўпрост адрасна зьвярнуцца да канкрэтных людзей – такога не было.

Пытаньне «Хто пераломіць?» выклікала дыскусію, у часе якой нарадзіліся новыя ідэі і сэнсы, а старыя сталі больш яснымі і зразумелымі.

Беларушчына – ахілесавая пята рэжыму Лукашэнкі, самае непрымальнае, з чым у рэжыму ня можа быць кампрамісаў. І наадварот, няма сёньня нічога, апроч мовы, што магло б аб'яднаць апанэнтаў рэжыму мацней за любыя дэклярацыі, што магло б ачысьціць шэрагі апазыцыі ад людзей непрадуктыўных і фальшывых, што магло б, нарэшце, вярнуць апазыцыі давер людзей. Бо мова сёньня – гэта прынцып, а за прынцыпы палітыкаў і паважаюць. І ненавідзяць таксама. Але адна рэч ненавідзець рускамоўных «оппов», якіх і ненавідзець можна лёгка ды беспакарана, а іншая рэч – ненавідзець нацыянальную апазыцыю, ня важна, лібэральная яна ці кансэрватыўная, галоўнае – нацыянальная, беларуская і больш беларуская за гэтую толькі тэрытарыяльна беларускую ўладу.

З агульнае мовы нараджаюцца і агульныя памкненьні, і агульная сіла, і агульны рух. Мы маем прэцэдэнт – беларускі рух другой паловы 1980-х, безь якога не было б ні апазыцыі ў Вярхоўным Савеце, ні незалежнасьці. Нельга два разы ступіць у тую самую раку, але ніхто не казаў, што нельга зноў сесьці ў той самы човен і ўзяць тое самае вясло. Тым больш, што сытуацыя ў краіне падобная, калі ня горшая для грамадзтва.

У гэтым і праблема, што ў Беларусі для вырашэньня якіх-кольвек нацыянальных задач грамадзтва цяпер няма, а яго зародак – грамадзянская супольнасьць – разьяднаная.

Стварыць у Беларусі нейкі сацыяльны ці агульнапалітычны рух, скажам, за дэмакратыю, не ўдавалася ніколі. Гэта наша спэцыфіка. І ў 1991-м работнікі выходзілі, хочучы таго ці не, пад нацыянальныя сьцягі. А яшчэ раней, згадайце, беларускі дысэнт цалкам адрозьніваўся ад расейскага менавіта нацыянальнай скіраванасьцю. І яшчэ раней, згадайце ўсю мінулую стогадовую гісторыю – ніводная істотная ініцыятыва не паўставала пад сацыяльнымі ці агульнадэмакратычнымі лёзунгамі. Былі галодныя бунты, але тое бунты. Усё астатняе, кожнае ўсьвядомленае дзеяньне, што Слуцкі збройны чын супраць бальшавізму, што паваеннае маладзёвае падпольле, што дысэнт брэжнеўскіх часоў, што нефармалы 1980-х – усё, што мы памятаем і што дало і дае натхненьне нам самым, заўсёды было найперш нацыянальным. Нарэшце, згадайце бацькоў сучаснай Беларусі братоў Луцкевічаў, якія пачыналі з бамбістамі, потым «па-моднаму» сацыял-дэмакратнічалі, а ўрэшце ўзяліся за стварэньне грамадзянскай супольнасьці вакол «Нашай Нівы». І стварылі.

Пасьля было шмат усяго ўсякага, і вось – ізноў выпаленая публічная прастора, атамізаванае насельніцтва, якое можа быць аб'яднанае толькі статкавым інстынктам. Ну і яшчэ выспачка грамадзянскае супольнасьці, аслабленая і разгубленая.

За мінулыя сто гадоў узьнікала і мноства іншых ідэй ды ініцыятываў на беларускай зямлі. Ці памятае нехта пра іх? Пра масавую газэту «Северо-Западная жизнь» – аналяг цяперашняй «Советской Белоруссии» ці пра які-небудзь «Союз земельных собственников»?.. Тое, што ў свой час было ў цэнтры грамадзкай увагі, але грамадзтва не стварала. Бо не было нацыянальным. Таму ў сёньняшніх ініцыятываў «русскоязычников», як і ў іх папярэднікаў, няма пэрспэктывы. Яны не яднаюць людзей, бо самі знаходзяцца ў стадыі дарастаньня. А ў стадыі дарастаньня немагчыма стварыць расплодак грамадзтва. Пра гэта і сьведчыць увесь наш досьвед.

Трэба ляпіць беларускае грамадзтва з «Нашых дзетак», з аўдыторыі «Народнага альбому», зь «Вясны», зь Яўгена Васьковіча і Паўла Вінаградава... Жывыя парасткі, нават калі яны пакуль рускамоўныя, ужо мэнтальна беларускія. Усё нефармальнае, гэта значыць, недзяржаўнае і ёсьць у Беларусі зародкам грамадзтва.

Ну вось, а без наяўнасьці грамадзтва ўсе гаварэньні пра тое, «хто пераломіць», пазбаўленыя сэнсу. З аднаго боку, ёсьць проста натоўп, не аб'яднаны ніякім супольным усьвядомленым памкненьнем, зь іншага – ёсьць мы, грамада – вялікі чалавек, як кажа народная прыказка. Калі такі чалавек ёсьць, можа быць і байкот і зьмена ўлады і ўсё на сьвеце. Але пакуль у нас яго няма.

Пакуль з усіх бакоў ідзе наступ на гэтую выспачку грамадзянскай супольнасьці, абы яна не ўзмацнялася, абы яе не было наагул. Гэты агент КДБ, гэты савецкі палітработнік, гэты сынок начальніка, гэты збагацеў невядома адкуль, гэты ўцёк за мяжу, гэты... Але падумайце, вось зьнішчым мы гэтых усіх, як вы кажаце, «псэўдаў» і з кім застанемся, з чым будзем зьвязваць мары і пляны перамен? Толькі ня трэба абстрактных словаў пра беларускі народ, рэвалюцыю, байкот, салідарнасьць...

Байкот, між іншым, без салідарнасьці немагчымы. А салідарнасьць, у сваю чаргу, немагчымая без наяўнасьці грамадзтва. Насельніцтва салідарнасьці ня ведае – кожны жыве сваім інтарэсам і сёньняшнім днём. А грамадзтва, паўтаруся, у нас сёньня няма.

Таму няхай гэтыя «псэўды» ўсе такія і ёсьць. Дапусьцім. Як дапусьцім, што і выкрывальнікі іх, самазваныя пракуроры – таксама не ідэал сапраўднасьці. Іншых у нас няма. Але давайце зробім ачышчэньне. Мы ўжо прызналі, што гаварыць па-беларуску сёньня ў Беларусі подзьвіг. Дык чаму не падтрымаць прапанову Шушкевіча і – загаварыць. Гэта нас і ачысьціць (бо подзьвіг здымае мінулыя правіны), і аб'яднае, і адкрые шлях для стварэньня беларускага грамадзтва. Трэба проста кожнаму зрабіць гэты зусім няпросты выбар.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG