Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турма і канец сьвету. Думкі вязьняў


Як ставяцца да пытаньня апакаліпсісу беларускія вязьні?


Улічваючы асаблівасьці працы турэмнай пошты, наша праграма яшчэ ў мінулым месяцы зьвярнулася да асуджаных з просьбай напісаць пра сваё ўласнае меркаваньне адносна прароцтваў пра канец сьвету. Ці з’яўляецца гэтым канцом сама турма або ёсьць рэчы, якія непакояць зьняволеных куды больш? У нашай праграме некаторыя з допісаў. На просьбу вязьняў мы не пазначаем іх імёнаў, а таксама калёніяў, у якіх яны адбываюць пакараньні.

Пра знакі звыш, цэны ў шапіку, катаклізм і пачатак жыцьця


Павал, (тэрмін знаходжаньня за кратамі 3 гады)


«Гэтымі днямі на тле вялых дыскусіяў пра канец сьвету раптоўна загарэўся адзін з атрадаў, і адміністрацыя выклікала пажарную каманду. Вось тады зэкі (а таксама і кантралёры) і загаварылі: «пачалося». Камусьці, у сувязі з прароцтвам індзейцаў, магчыма, стала страшна, камусьці весела, большасьць жа ўспрыняла выпадак як беларускую турэмную паўсядзённасьць…

А вось як выглядаюць напярэдадні апакаліпсісу цэны ў турэмным шапіку Пасьля канца сьвету яны, канечне, стануць вышэйшымі
«Зь дзьвюх тысяч асуджаных, што знаходзяцца ў выпраўленчай установе, у шапік ходзяць ня ўсе, а з тых, хто ходзіць, дзесь 80% могуць, праз абмежаваньні ў заканадаўстве, атаварвацца толькі на сто тысяч у месяц».
«Зь дзьвюх тысяч асуджаных, што знаходзяцца ў выпраўленчай установе, у шапік ходзяць ня ўсе, а з тых, хто ходзіць, дзесь 80% могуць, праз абмежаваньні ў заканадаўстве, атаварвацца толькі на сто тысяч у месяц».

Юры (тэрмін знаходжаньня за кратамі 2,5 гады)

«Любая турма — гэта адлюстраваньне таго, што робіцца на волі. У Беларусі жыцьцё і на волі, і за кратамі становіцца ўсё большай цемрай, а надзеяў убачыць нейкае сьвятло ў канцы тунэлю становіцца ўсё меней і меней…Ты можаш быць пакараны толькі таму, што ў пэўны час апынуўся ў пэўным месцы. Як людзі, што выйшлі два гады таму на Плошчу. Або з-за таго, што ты, як у свой час я, маеш свой бізнэс, а камусьці з уладаў ён не падабаецца або не падабаесься ты. Не кажу ўжо пра сьвядомых апанэнтаў рэжыму. Колькі апазыцыянэраў штогод кідаецца за краты паводле надуманых прычынаў… Зэкамі, што не пасуюць адміністрацыі, а тым больш, уладзе, спрабуюць маніпуляваць з дапамагай 411 артыкулу — прысудам на больш жорсткае ўтрыманьне з пазбаўленьнем харчовых перадач ды спатканьняў…

Андрэй (тэрмін знаходжаньня за кратамі 6 гадоў)


«За час адседкі пабачыў самых розных людзей далёка ня ў самыя лепшыя хвіліны і гадзіны іх жыцьця. Характэрная рыса многіх — поўная абыякавасьць да будучыні, здароўя, ўласнай пэрсоны. Стан, у якім яны знаходзяцца, можна параўнаць зь летаргічным. Гэта жыцьцё, як ў прымітыўных арганізмаў есьці, што кінуць, спраўляць натуральныя патрэбы, выць. Іх стан можна параўнаць зь летаргічным. А астатні час — ляжаць на нарах або сядзець, тупа гледзячы ў столь ці ў нейкую іншую кропку. Калі ў дзьвюх словах, поўная дэградацыя»

Алег К.


«Для кагосьці турма — канец сьвету, а для мяне пачатак новага жыцьця. За 8 гадоў турэмнага тэрміну я перагледзеў свае каштоўнасьці і, здаецца, набыў упэўненасьць у сабе. Сёньня ў свае 40 гадоў я ненавіджу наркотыкі, на якія падсеў 15-гадовым юнаком і за якія неаднойчы трапляў за краты. Некалькі гадоў таму пачаў пісаць кнігу пра тое, што зрабілі наркотыкі са мной. Апошнім часам захапіўся чытаньнем роднай літаратуры. Нечакана для сябе стаў пісаць па-беларуску. Нават упершыню напісаў верш на роднай мове, які вам і дасылаю. Жадаю вам посьпехаў і сьветлай будучыні. Таксама хачу выказаць словы падтрымкі палітвязьню Алесю Бяляцкаму, дзякуючы якому мы мелі магчымасьць атрымліваць Народную волю і Нашу Ніву. Прабачце, што ня маю магчымасьці падпісацца сапраўдным іменем. Усяго Вам найлепшага з павагай — Алег К.


Наш актыўны аўтар Зьміцер Каляда, які летась вызваліўся з Івацэвіцкай калёніі таксама ня схільны лічыць вязьніцу „канцом сьвету“. Хаця некаторыя моманты турэмнага жыцьця, такія як шмон у атрадах, можна сапраўды параўнаць з прыроднымі катаклізмамі. Падчас знаходжаньня ў Івацэвіцкай калёніі № 5, Зьмітру, здаецца, першаму зь беларускіх зьняволеных удалося зьняць, як выглядае барак пасьля ператрусу. Паводле Зьмітра, такія ператрусы праводзяцца па некалькі разоў на месяц, праходзяць яны заўсёды пачварна ды зьняважліва. Усё ламаецца і крышыцца, як асабістыя рэчы, так і казённая мэбля. А потым усе рамонты робяцца тымі ж асуджанымі».

Відэа з турмы. Барак пасьля ператрусу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:49 0:00
Наўпроставы лінк

«Вязьніца— гэта гіганцкі згустак адмоўнай энэргіі...»


Такога меркаваньня прытрымліваецца былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі. Ён лічыць, што гэта брудная адмоўная энэргія турмы разбурае псыхіку як зьняволеных, так і турэмшчыкаў. Пытаньне ставіцца ня так: ці захварэе чалавек за кратамі або не, а на якім месяцы пачне барахліць пячонка, сэрца, мозг?”

У сваё кнізе пра сыстэму выжываньня за кратамі прафэсар Бандажэўскі, піша, што па колькасьці складаных і ўнікальных клінічных выпадкаў турму можна параўнаць з вайной. Аднак калі вайна — гэта неаранае поле пераважна для хірургаў, то турма дае шырокія магчымасьці для працы лекарам самых розных напрамкаў.

На практыцы гэта бывае вельмі рэдка. У рэспубліканскім турэмным шпіталі, дзе атрымліваў экстранную хірургічную дапамогу прафэсар, яму даводзілася сустракаць лекараў вельмі высокага ўзроўню, тых, хто пайшоў туды працаваць адмыслова дзеля прафэсійнага ўдасканальваньня. Што да мэдыкаў мэдсанчастак калёніяў, то яны збольшага далёкія ад таго, каб аказваць адэкватную дапамогу. У лепшым выпадку гэта паліятыўнае лячэньне. Хоць падобная праблема характэрна для практычнай аховы здароўя і на волі, піша аўтар.

«Каб усе былі жывыя...»


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч
Асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі ваўкавыскі прадпрымальнік, у мінулым воін-аўганец Мікалай Аўтуховіч займеў за кратамі цэлы букет хваробаў: язва страўніка, ныркі, гіпэртанія, стаматалягічныя праблемы, пагаршэньне зроку… Сёлета на пачатку году Аўтуховіч як злосны парушальнік дысцыпліны згодна з артыкулам 411 быў пераведзены зь Івацэвіцкай калёніі на больш жорсткі турэмны рэжым у Гарадзенскую крытую турму. Аднак як і іншыя нармальныя ды прыстойныя людзі, якія апынуліся за кратамі, палітвязень перажывае найперш не за сябе, а за сваіх блізкіх на волі. Ён разумее, што нават такое чаканае ім кароткае, раз на год, спатканьне з маці праз шкло і тэлефон, можа быць вялікім стрэсам для старога веку жанчыны. Хаця гэтак жа пакутліва для яе – падоўгу ня бачыць сына. Як сьведчаць многія былыя вязьні, за кратамі асабліва часта думаеш: каб толькі вытрымала сэрца старых, каб толькі застаць іх пасьля вызваленьня жывымі ды больш менш здаровымі... У адным зь лістоў да сяброў на волю Мікалай Аўтуховіч напісаў:

«На спатканьні маці выглядала бадзёра, але я ж ведаю, як ёй цяжка. Я яе супакойваў і казаў, каб ставілася да ўсяго спакойна. Але атрымліваю ад яе лісты і бачу, што яна не магла вытрымаць некаторыя цяжкасьці і моцна разгубілася. Вы, калі ласка, тэлефануйце ёй часам, падтрымлівайце яе. Ёй будзе лягчэй. А я ўсё вытрымаю ў любым выпадку і да канца прайду гэтыя выпрабаваньні».

«А людзі ўсё пішуць яму і пішуць...»


Лідзія Аўтуховіч
Лідзія Аўтуховіч
З маці палітвязьня гэтымі днямі сустрэўся ў Ваўкавыску наш карэспандэнт. Лідзія Емяльянаўна беражліва захоўвае ўсе лісты, што прыходзяць сына, а таксама ўсе тыя паштоўкі, якія ідуць ёй ад зусім невядомых людзей, якія падтрымліваюць яе сына

«Бывае, ліст і за два дні дойдзе, а бывае, што на дзён дзесяць затрымліваюць, але ўсё роўна прыходзіць. Я галоўнае ведаю, дзе ён знаходзіцца. Усякае можа быць, могуць выслаць, а могуць — не, могуць адправіць ліст, а могуць не, гэта ж ад іх залежыць…З Новым годам адпраўлю віншавальнае. Паштовачкі з Новым годам купіла: Пятрушачкі во насушыла, перадам для супу, кропчыку насушыла, усё для яго стараюся, стараюся, каб у яго былі вітамінкі, хоць што-небудзь. Што магу, то й вышлю яму».

Апошні раз маці бачылася з сынам сёлета ўвесну

«Сустрэча толькі дзьве гадзіны была цераз шкло па тэлефоне. Якая гэта сустрэча? Раз на год пасылкі перадаць можна толькі…
Нам дома хутка дні сыходзяць. А яму там, ведаеце як… гэта перажыць, у яго адзін дзень становіцца годам

Дні сыходзяць: адзін за адным. Нам дома хутка дні сыходзяць. А яму там, ведаеце як… гэта перажыць, у яго адзін дзень становіцца годам. Каб хоць там яшчэ было цёпла, не халадно. Там летам у гэтым падвале халадней, як на вуліцы. Сыра, нятопленае… А што гаварыць, як зіма? Я не магу ўявіць, як ён вытрымае гэтую зіму. Некаторых адпусьцілі палітзьняволеных, якія пісалі аб памілаваньні. А ён сказаў: «Мама, я не пісаў і ня буду пісаць аб памілаваньні. Таму што я ні ў чым не вінаваты. Чаму я павінен прасіць памілаваньня, у каго? Я не зраблю гэтага кроку. Колькі трэба, столькі буду сядзець, але аб памілаваньні пісаць ня буду». Ну што ж рабіць? (уздыхае).А людзі пішуць і пішуць яму. Гэта вялікая падтрымка яму. Ён толькі і загружаны лістамі. Ён так рады лістам».

«Годнасьць асобы — дабрабыт нацыі»


Яўген Васьковіч
Яўген Васьковіч
За стан здароўя сваіх бабуляў вельмі непакоіцца і асуджаны на 7 гадоў пазбаўленьня волі бабруйскі анархіст Яўген Васьковіч. Спачатку ён адбываў пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 15, а напрыканцы 2011 як злосны парушальнік быў пераведзены ў магілёўскую крытку. Яўген настроены сядзець поўны тэрмін. Каб толькі з бабулямі было ўсё добра. У сваіх лістах да землякоў ён часта просіць наведваць яго родных жанчын.

Лісты палітвязьня Яўгена Васьковіча
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:19 0:00

Урыўкі зь ліста да бабруйскай грамадзкай актывісткі Таісіі Кабанчук.

«Спадарыня Таісія, папрашу вас наведаць маю бабулю. Яна зноўку дзесьці ўпала, пабіла рукі – ногі і дзьве рабрыны паламала. Таму будзе добра для ўсіх, калі яна атрымае падтрымку праз ваша наведаньне... У мяне будзе яшчэ просьба. Дашліце, калі ласка, заказной поштай колькі агульных сшыткаў, капэрты, віншавальныя паштоўкі і некалькі асадкаў з чорнай пастай. Перадавайце ўсім віншаваньні і пажаданьні.

...За хуткім часам прыйдзе і наш час. Трэба толькі не забывацца пра ўласныя якасьці, бо годнасьць асобы — дабрабыт нацыі»

«Ведаеце, — кажа Таісія Кабанчук, — гэты сказ можна ўбачыць амаль у кожным яго лісьце. Яго лісты прасякнутыя дабрынёй, цеплынёй да ўсіх нас, а таксама ўдзячнасьцю за тое, што мы памятаем пра ягоных бабуль. Калі мы сустракаемся і зачытваем яго лісты, то бачна, што наша моладзь атрымлівае ад іх духоўную сілу».

Паводле рэдактара газэты «Бабруйскі кур’ер» Анатоля Санаценкі, дзе да арышту працаваў Васьковіч, у сваіх допісах хлопец ніколі не скардзіцца ані на здароўе, ані на побытавыя ўмовы. У адным з ранейшых лістоў да Санаценкі Яўген напісаў:

«Спадар Анатоль, перадаю ўсім шчырае прывітаньне. Я — ліцьвін, а таму ў маёй крыві выпрацаваная пакаленьнямі звычка жыць, а не існаваць. Дзе б не знаходзіўся і што б не адбывалася, памятаю пра мужнасьць продкаў. Іх адвага, самаадданасьць, шляхетная сутнасьць надае мне мужнасьць»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG