Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашкевіч і Лобаў за кратамі ўжо два гады


Зьміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, суд.
Зьміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, суд.

Адвакатка Зьмітра Дашкевіча сустрэлася сёньня са сваім падабаронным, які адбывае пакараньне ў Гарадзенскай турме. Жонка Міколы Статкевіча накіруе скаргу па незаконны прысуд у Камітэт ААН па правах чалавека. Як палітвязьні пераносяць марознае надвор’е ў турмах?

Два гады таму былі арыштаваныя актывісты «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў. Зьміцер сёньня мусіў бы выйсьці на волю, калі б ня новы прысуд. 28 жніўня 2012 года Глыбоцкі раённы суд на закрытым пасяджэньні ў калёніі дадаў палітвязьню яшчэ адзін год зьняволеньня. Дашкевіча прызналі вінаватым у злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі калёніі. Нявеста Дашкевіча Наста Палажанка пабывала ў Горадні, дзе адвакатка сустрэлася са Зьмітром.

Наста Палажанка
Наста Палажанка
«Самае галоўнае, што Зьміцер у добрым настроі, добра выглядае, дастаткова бадзёры. І ў прынцыпе, ні на што не скардзіўся. Роўны, добры перадкалядны настрой. Гэта для нас было самым галоўным, бо сёньня такі досыць асаблівы для нас дзень, каторы, мы думалі, будзе апошнім у нашым турэмным жыцьці. Але, на жаль, так здарылася, што яшчэ трэба крышачку пачакаць. Але мы верым у цуды, тым больш, калядныя, Божыя. Таму ён быў у такім нейкім для сябе, можа, чаканьні. Дзякуй Богу, што Зьміцер у такім бадзёрым настроі, нягледзячы на тое, што і ён, і я раней спадзяваліся, што ў гэты дзень мы ўжо сустрэнемся».

Марына Лобава
Марына Лобава
Напярэдадні Эдуард Лобаў патэлефанаваў маці. Спадарыня Марына распавяла, што размова была вельмі кароткай. Дагэтуль больш за два тыдні ад сына не было лістоў і званкоў. Кароткачасовае спатканьне чакаецца толькі ў сярэдзіне студзеня:

«Усё, што даведалася — здаровы, усё нармальна. Але ніякай канкрэтнай пра сябе інфармацыі не сказаў. Відаць, нельга. Літаральна некалькі словаў. Спытала, як адзначыў дзень народзінаў. Сказаў — нармальна. Ці здаровы і ці ня мерзьне, бо цяпер вельмі моцныя маразы. Баюся, што там холадна. Сказаў, што не. Стараесься высьветліць такія асноўныя пытаньні. Званочак кароценькі — шкада траціць час. Спытала толькі, ці дайшлі мае лісты, сказаў: дайшлі».

Алена Аўтуховіч
Алена Аўтуховіч
Жонка Мікалая Аўтуховіча Алена занепакоеная тым, што ў выніку прарыву цеплатрасы ў Горадні маглі адключыць ацяпленьне ў турме, якая находзіцца ў цэнтры гораду.

«Умовы якія былі, такія і ёсьць. Тым больш, у Горадні аварыя нейкая, цяпла там, я думаю, няма. Холадна ўсюды. Я ўсё перадала. У яго ўсё ёсьць, цёплыя рэчы, лекі, вітаміны».

Жонка былога кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча, які знаходзіцца ў зьняволеньні два гады, распавяла, што цяпер рыхтуе скаргу па незаконным прысудзе ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Марына Адамовіч
Марына Адамовіч
«У нас жа ўжо была адна тэрміновая скарга, на якую група па адвольных затрыманьнях адрэагавала імгненна, фантастычна хутка для ААН. Яны літаральна за тры месяцы разгледзелі тую скаргу. І вынесьлі рашэньне абавязковае для Рэспублікі Беларусь, што Статкевіч ўтрымліваецца незаконна. Але гэта ж ужо прайшло паўтары гады з таго часу».

Спадарыня Марына таксама згадала, што начальнік турмы паабяцаў ёй беспраблемнае забесьпячэньне вязьняў, у тым ліку Міколы, цыбуляй, часнаком, лімонамі, пры наяўнасьці заяўкі хаця б на пару кіляграмаў. Яна напісала Міколу, каб ён падаў заяўку на атаварку гэтымі, такімі важнымі ў зімовы час, прадуктамі. Мікола адказаў, што адносна часнаку і лімона, як звычайна, падманулі:

«За год знаходжаньня тут толькі чатыры разы ўдалося выбіць на атаварку цыбулю: два разы ўвесну і два разы ў кастрычніку. Але месяц таму зьелі апошняе, і зараз беспасьпяхова дамагаемся атрыманьня цыбулі на атаварку ізноў. Ніхто не адмаўляе, ветліва прымаюць заяўкі, а потым кажуць, што няма. Так вось і ў мінулы грыпозны сэзон цыбуля так і не зьявілася. Хаця начальнік мяне запэўніваў, што ніякіх праблемаў ня будзе, таму я яшчэ спадзяюся на слова афіцэра. Але, мяркуючы па тым, што атрымала ад Міколы, спадзяваньні ня вельмі вялікія».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG