Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
Нарадзіўся 9 ліпеня 1946 году ў Смаргоні.

Вучыўся ў Менскім электратэхнікуме сувязі, на аддзяленьні паэзіі Літаратурнага інстытуту, скончыў філялягічны факультэт Менскага пэдагагічнага інстытуту. Паэт, празаік, грамадзка-палітычны дзяяч, ляўрэат шэрагу прафэсійных і дзяржаўных узнагародаў за літаратурную дзейнасьць.

Жанаты, мае дзьвюх дачок.

Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмэханікам у менскім тэлевізійным атэлье. Заняўся журналістыкай, супрацоўнічаў з газэтай «Знамя юности», рэдагаваў бюлетэнь «Тэатральны Менск», быў старшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачаньня, галоўным рэдактарам часопіса «Крыніца», штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». З 1998 па 2001 год старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Зь ліпеня 1999 году жыў у Польшчы, публічна абвясьціўшы аб разрыве з уладамі Беларусі. Жыў таксама ў Фінляндыі. У 2005-м абраны кіраўніком беларускага ПЭН-цэнтру. У 2009-м добраахвотна пакінуў пасаду. У 2010-м ініцыяваў стварэньне грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», якой улады адмовілі ў рэгістрацыі.

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году. 19 сьнежня быў зьбіты да непрытомнасьці ў цэнтры Менску па шляху на акцыю пратэсту. З чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Празь некалькі гадзінаў быў адтуль выкрадзены супрацоўнікамі спэцслужбаў. Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў. З моманту зьбіцьця 19 сьнежня да пераводу пад хатні арышт 29 студзеня перанёс чатыры гіпэртанічныя крызы і ня меў магчымасьці сустрэцца з адвакатам.

17 лютага 2011-га агульны сход ПЭН-цэнтру прыняў рашэньне вылучыць Някляева на Нобэлеўскую прэмію. 30 сакавіка 2011 году абвінавачаньне замененае на больш мяккае – арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх.

20 траўня 2011 году судзьдзя Фрунзэнскага суду Менску Жана Жукоўская асудзіла Някляева на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 2 гады. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG