Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Гайдукоў: Я апынуўся на хвалі падзеяў


Андрэй Гайдукоў
Андрэй Гайдукоў

Маці затрыманага «за здраду дзяржаве» 23-гадовага апэратара наваполацкага «Нафтану» Вольга Гайдукова атрымала ад адваката новыя зьвесткі пра сына.

3 сьнежня адбыўся судовы разгляд скаргі Андрэя Гайдукова наконт зьмены меры стрыманьня. Ён прасіў, каб яго выпусьцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе. Але сьледчы палічыў гэта немэтазгодным, гаворыць Вольга Гайдукова:

«Андрэй застаецца ў Віцебскім СІЗА №2, яго не адпускаюць. Верагодна, ня хочуць, каб ён сустрэўся зь сябрамі і нешта распавёў пра акалічнасьці справы. Таксама я спыталася, ці не зьмяніўся артыкул, паводле якога яго вінавацяць. Бо адразу мне казалі, што Андрэя зьмясьцілі ў менскі СІЗА КДБ, бо ў Віцебску няма ўстановы, каб трымаць такіх падазраваных. Цяпер, як аказалася, можна трымаць і ў Віцебску. Але артыкул застаецца ранейшы. Іншых падрабязнасьцяў адвакат ня кажа, бо ёсьць падпіска аб неразгалошваньні».

4 сьнежня Вольга Гайдукова пойдзе да сьледчага Алега Барысевіча, які вядзе справу сына:

«Я сама яму патэлефанавала і папрасіла пра сустрэчу. Ён пагадзіўся, сказаў: «Прыяжджайце на допыт». Так што гэта будзе не зусім сустрэча, мяне заадно і дапытаюць».

Родныя не атрымалі ад Андрэя ніводнага ліста. Аднак ліст яшчэ зь менскага СІЗА КДБ атрымала сяброўка Андрэя. Зьмест ліста маці вядомы:

«Ён піша, што адпускаць пад падпіску аб нявыезьдзе яго можна хоць зараз – гэта пісалася яшчэ ў сярэдзіне лістапада. Піша, што непакоіцца за вучобу – каб быць на свабодзе да сэсіі. Піша, што хацеў бы, каб адваката яму парэкамэндаваў праваабарончы цэнтар «Вясна». Яшчэ піша, каб хлопцы ў Наваполацку працягвалі справу рэгістрацыі «Саюзу маладых інтэлектуалаў», бо ён не пасьпеў давесьці гэта да завяршэньня. Сёньня праз адваката ён перадаў сьпіс даручэньняў, і адно зь іх – каб выпісалі для яго «Белгазету» і «Народную волю»… З гэтага ўсяго вынікае, што ён не разгублены, што мае багата плянаў наперад».

У адзіным лісьце ад Андрэя Гайдукова некаторыя радкі закрэсьленыя турэмнымі цэнзарамі. Пра акалічнасьці затрыманьня гаворыць толькі адна фраза, якую цэнзура пакінула: «я выпадкова апынуўся на хвалі падзеяў, якія закранаюць шырокія грамадзкія інтарэсы».

Андрэя Гайдукова затрымалі ў Віцебску 8 лістапада. Паводле афіцыйнай інфармацыі КДБ, затрыманьне адбылося «падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, якія цікавяць замежныя спэцслужбы». Родныя і сябры лічаць гэтае абвінавачаньне абсурдным і зьвязваюць выключна з тым, што Андрэй Гайдукоў мае апазыцыйныя погляды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG